Расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны апублікаваў расследаванне пра падпалкоўніка ФСБ Марата Мядоева, які згадваўся ў сувязі са справай журналіста Івана Галунова. Арыштаваны журналіст Іван Галуноў заяўляў, што звязвае сваю справу з расследаваннем пра сувязі Мядоева з пахавальным бізнэсам.

Навальны на падставе выпіскі з Адзінага дзяржаўнага рэестра нерухомасці паказвае, што ва ўласнасці ў Мядоева знаходзіцца кватэра плошчай 200 кв. м у Маскве коштам больш за $3 мільёны.

Яшчэ дзве кватэры на вуліцы Казакова (дом 17/1 буд.1) па 100 кв. м. за $460 тысяч. Адна з іх аформлена на яго бацьку, іншая — на сына. На жонку падпалкоўніка запісаная двухпавярховая кватэра ў іншым доме на вуліцы Казакова (дом 27) плошчай 180 кв. м коштам $1,2 мільёна, адзначае Навальны. Акрамя таго, па яго даных, сям'і Мядоева належыць нежылое памяшканне плошчай 948 кв м на вуліцы Казакова. Яно здаецца ў арэнду Маскоўскай аўтадарожнай інспекцыі.

Навальны высветліў, што адна з дачок Мядоева ў мінулым працавала ў мэрыі Масквы, а нядаўна прадала кватэру за $3,8 мільёна. Аўтапарк сям'і складаецца з шасці матацыклаў, трох Range Rover, двух Audi Q7, трох Mercedes, Porsche Cayenne і Lexus.

Журналіст «Медузы» Галуноў рыхтаваў да публікацыі матэрыял, у якім фігуруюць супрацоўнікі УФСБ па Маскве і Маскоўскай вобласці — кіраўнік упраўлення генерал-палкоўнік Аляксей Дарафееў і яго памочнік падпалкоўнік Марат Медоеў. У гэтым матэрыяле закраналася магчымая сувязь сілавікоў з рынкам пахавальных паслуг.

Журналіста «Медузы» Івана Галунова затрымалі 6 чэрвеня па падазрэнні ў збыце наркотыкаў. Рашэннем суда 8 чэрвеня Галунова змясцілі пад хатні арышт. Журналіст на пасяджэнні суда распавёў, што яму паступалі пагрозы пры падрыхтоўцы расследавання пра рынак пахавальных паслуг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0