Міністрам унутраных спраў прызначаны ўраджэнец Паўночнай Асеціі Юрый Караеў.

Чытайце: Пяць фактаў пра новага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева

«А беларуса не знайшлося?», «Няўжо няма кандыдатаў на пасаду з Беларусі?», «То з Украіны, то з Расіі. Беларусаў нельга прызначаць на гэту пасаду?» — вось як гучаць тры самыя папулярныя каментары на форумах Tut.by да навіны пра яго прызначэнне.

Караеў трапіў на тэрыторыю цяперашняй Беларусі яшчэ за савецкімі часамі. Караеў — паўнавартасны грамадзянін Беларусі, няма ніякіх забаронаў ці абмежаванняў на яго знаходжанне на ўплывовай пасадзе.

Чаму тады ўзнікаюць пытанні?

Справа ў тым, што Караеў — пяты запар кіраўнік самай магутнай сілавой структуры, народжаны па-за межамі Беларусі.

Гэта можна лічыць супадзенне, але з 1999 года не было ніводнага міністра ўнутраных спраў, у якога месцам нараджэння ў пашпарце была б пазначана Беларусь.

Юрый Сівакоў (1999-2000) родам з расійскага Сахаліна. Вучыўся на Далёкім Усходзе. У Беларусь трапіў на службу, так і застаўся.

Уладзімір Навумаў (2000-2009) гаварыў з беларускім акцэнтам, але быў ураджэнцам Смаленшчыны.

Анатоль Куляшоў (2009-2012) хоць і вырас у Чашніцкім раёне, быў народжаны на тэрыторыі цяперашняга Азербайджана.

Ігар Шуневіч (2012-2019) нарадзіўся і атрымаў адукацыю ў Луганскай вобласці Украіны.

Нарэшце, Юрый Караеў — ураджэнец Паўночнай Асеціі.

З юрыдычнага пункту гледжання месца нараджэння мае значэнне толькі ў адной сітуацыі. Быць прэзідэнтам дзяржавы можа толькі грамадзянін Беларусі ад нараджэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?