«Нашмат зручней, чым у шортах»

Андрэй Нічыпяровіч, спецыяліст па манетызацыі ў ІТ:

— На мінулай рабоце, гадоў 7—8 таму, было пару сяброў-калег, якія з’ездзілі ў Шатландыю і прывезлі сабе кілты з поўнай экіпіроўкай — камізэлькі, кілтпіны (дэкаратыўныя шпількі), спораны (паясныя сумкі-кашалі) і спецыяльныя пінжакі. Ганялі так на Дні святога Патрыка ў мінскія пабы, утварылі міні-клуб. Думаў, яшчэ тады ўступіць у іх шэрагі, але адкладаў. А тут раптам зразумеў, што час настаў.

Я хацеў паспрабаваць насіць кілт, бо гэта прыкольна. Ведаючы пра маё жаданне, дзяўчына сама падарыла яго мне на дзень народзінаў узімку. Споран і кілтпін атрымаў ад добрай знаёмай, якая рабіла той кілт. Пасля замовіў у яе яшчэ і камізэльку.

Упершыню паспрабаваў насіць на работу некалькі дзён таму, дагэтуль не надзяваў, бо не было настрою (усміхаецца). Але вось прайшоў тыдзень, і я вельмі задаволены такім выбарам, бо гэта, як аказалася, нашмат зручней і прыемней, чым хадзіць у штанах ці шортах у +30.

Тканіна — воўна з поліэстэрам, але за кошт натуральнага праветрывання ў кілце не горача, паколькі сам ён амаль не датыкаецца да ног пры хадзе.

Дзіўным бонусам з’яўляецца тое, што калегі жадаюць з табой сфатаграфавацца.

Навакольныя рэагуюць са здзіўленнем, азіраюцца — гэта і зразумела, у нас такое асабліва не распаўсюджана, таму выглядае незвычайна.

Варожасці не заўважаю, хутчэй таму што сам па сабе высокі і каржакаваты.

«Магу выйсці так па хлеб»

Аляксей Заморскі, прадавец будматэрыялаў:

— Нашу кілт амаль год. З дзяцінства люблю гісторыю і падобнага роду самабытныя і нетрывіяльныя рэчы ці вобразы.

Кілт мне дастаўся бясплатна: знаёмы пайшоў у армію, і рэч валялася без справы. А так кілт каштуе каля $120. Дзяўчаты з Мінска даўно займаюцца іх пашывам.

У кілце зручна практычна пры любым надвор’і, хіба што маразы усё ж такі не пад гэты тып адзення (але нічога не перашкаджае надзець звычайныя споднікі замест гетраў ці гольфаў). Улетку ў ім даволі халаднавата, у халоднае надвор’е — цёпла.

На мой погляд, кілт — гэта зручна і прыгожа. Нашу яго па жаданні. Магу надзець як ідучы па хлеб у краму, так і на шпацыр, у бар, на Дзень Волі ў Горадні. Маё кола стасункаў у асноўным нефармальнае, і хлопцы да майго выгляду ставяцца добра.

Людзі на вуліцы… Нехта здзіўляецца, нехта тыча локцем свайго спадарожніка, нехта смяецца. Карацей, адэкватны позірк бачу рэдка. Хтосьці не надта адукаваны, іншыя прывыклі жыць па прынцыпе «статку» і не прымаюць не такіх, як яны. Але сустракаюцца людзі, якія свабодныя ад стэрэатыпаў і адкрытыя да новага, не замыкаюць сябе ў рамкі.

«Мае адчуванні? Я проста ўлажу ў сваю скуру»

Солкірд Чарняковіч, інжынер-канструктар:

— Шатландскай тэмай я даўно цікавіўся. У нас маленькі клуб, пяць чалавек, які займаецца гістарычнай рэканструкцыяй XVI стагоддзя. Так я пачаў насіць класічны «вялікі кілт» — кавалак клятчастай тканіны 1,5 на 8 метраў рассцілаецца на зямлі, робяцца складкі, пад ніз падкладаецца рэмень, і чалавек «спавіваецца» ў гэты плед.

Грамадзянскі кілт я стаў насіць у 2008 годзе. Выпадкова знайшоў яго ў сэканд-хэндзе. Іду і бачу: о, клетачка знаёмая. Цягну, а там бірачка — «made in Scotland». Думаю: нішто сабе!

Кілт быў моцна зацяганы, але я яго па тых часах набыў за 7000 рублёў — гэта былі смешныя грошы. Вельмі доўга яго насіў, пакуль не патаўсцеў (усміхаецца).

Потым шыў кілт на замову. Наш клуб купіў цэлы рулон класнай сіня-шэрай ткаініны з камвольнага камбіната, якая была зроблена акурат як тартанавая шатландская клетка.

Кілт я надзяваю не толькі на рэканструкцыі. Мы з сябрамі з клуба разам спраўляем святы і можам у кілтах пайсці ў бар. У мяне яшчэ склаўся звычай адзявацца так на Новы год.

Памятаю, нават ва ўнівер у кілце хадзіў, ажно да дэкана нейкія паперы падпісваць. Дагэтуль там ходзяць пра мяне байкі. Але калі я пераехаў з Мінска назад да сябе на Палессе, то тут гэта людзі не надта ўспрынялі (смяецца).

Вось цяпер горача, і я нядаўна жонцы кажу: ты не ўяўляеш, як хачу надзець кілт! Але горад Лунінец не зразумее (смяецца). Я ўжо некалькі разоў хадзіў па вуліцах — мне гэта дастаўляе больш дыскамфорту, чым задавальнення, таму я скончыў эксперыменты. Можа, паўтару, калі ў мяне будзе баявы настрой і захочацца паказытаць нервы.

Часта людзі пытаюцца: а чаму шатландскае адзенне, а не наша? Хочацца адказаць: «А чаму ты ў джынсах? Ты ж не амерыканец».

Жонцы кілт падабаецца — яна таксама ў нашым клубе. Мае адчуванні? Я проста ўлажу ў сваю скуру: о, клас. Напэўна, гэта яшчэ і таму, што ў мяне з кілтом звязана шмат станоўчых эмоцый: фестывалі, сустрэчы з сябрамі.

«Каб у Беларусі надзець кілт, трэба быць вельмі мужным»

Раман Вайцяховіч, тэхнік па сістэмах бяспекі:

Раман справа.

Раман справа.

— Яшчэ з дзяцінства мне падабаліся фільмы пра Шатландыю, таму і зацікавіўся гэтай культурай. Збольшасці нашу кілт, калі выязджаю на страйкбольныя гульні — у нашай камандзе амаль у кожнага ёсць кілт. Мы, канечне, у іх не бегаем і не страляем па лесе — проста як антураж выкарыстоўваем. Ці надзяваем, напрыклад, калі адыгрываем мірных жыхароў.

Адзін раз мяне інспектары ДАі спынілі, калі я ранкам ехаў на гульню ў кілце. Праверылі дакументы, пагутарылі, пасмяяліся.

Кілт заўсёды шыецца на замову. Кошт залежыць ад тканіны. Калі замаўляць сапрадную воўну з Англіі, то рэч будзе вельмі дарагая. Можа абысціся у некалькі тысяч даляраў, бо на адзін кілт патрэбна 4—5 метраў матэрыялу. У мяне ж ён зроблены з беларускай тканіны: пашыў каштаваў прыкладна $150.

У кілце вельмі камфортна — вы ж, жанчыны, ведаеце. Але наша грамадства не можа гэта прыняць: як так — мужчына і ў спадніцы? Што хацець: мы жывем у постсавецкай прасторы, і працэнтаў 60—70 людзей нашэнне кілта не адабраюць.

Нават мая жонка не разумее. Калі я кажу, што хачу надзець кілт і паехаць з ёй у горад, чую: «Я нікуды не паеду. Мяне твой кілт раздражняе і ятрыць».

Многія кажуць, што спадніца — гэта не па-мужчынску. А мне здаецца, наадварот. Каб у Беларусі надзець кілт, трэба быць вельмі мужным. Першы раз для мяне гэта было складана, шчыра вам скажу. У цябе бура эмоцый: што падумаюць, што скажуць? Але потым глядзіш на Еўропу, бачыш, наколькі людзі там свабодныя, і разумееш, што гэта ўсе забабоны.

Да таго ж у кілта велізарная гісторыя. Гэта адзенне насілі мужчыны. А шатландцы даволі ваяўнічы народ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?