У панядзелак літоўскія кансерватары заклікалі германскага гіганта па вытворчасці спартыўнага адзення Adidas спыніць гандаль адзеннем з савецкай сімволікай, піша Delfi.

Такі зварот палітыкі накіравалі ў сувязі з тым, што ў сацыяльных сетках пачалі распаўсюджвацца фота, дзе відаць, як у крамах Adidas у Лондане выстаўлены жаночыя майкі з гербам СССР.

«Міжнародныя карпарацыі павінны ўлічыць гістарычныя факты, паважаць памяць ахвяр і ўстрымацца ад заахвочвання савецкай настальгіі ці апраўдання злачынстваў, учыненых таталітарнымі рэжымамі», — гаворыцца ў звароце лідара кансерватараў і яго намесніка.

«У свеце бы сапраўды не зразумелі, калі б Adidas вырабіў тэматычную лінію адзення з нацысцкай сімволікай, аднак чамусьці на савецкія знакі заплюшчваюць вочы. Мы перакананыя, што ёсць і іншыя спосабы святкавання спартыўных перамог, а не ўслаўленне рэжыму, адказнага за смерці і пакуты мільёнаў», — гаворыцца ў звароце.

Літва была акупаваная СССР у 1940-1941 і ў 1944-1990 гадах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0