Як стала вядома «Нашай Ніве» ад крыніц, 17 чэрвеня ў Мінску, проста ў будынку аблвыканкама, быў затрыманы 40-гадовы старшыня Салігорскага райвыканкама Алег Паскробка.

Па словах сакратаркі Салігорскага райвыканкама, у Мінск Паскробка паехаў «у камандзіроўку».

Гэта ўжо другі кіраўнік горада за два гады, які трапляе пад варту.

Факт затрымання «Нашай Ніве» пацвердзілі ў Следчым камітэце.

«Следчым камітэтам распачата крымінальная справа ў дачыненні да старшыні Салігорскага райвыканкама.

Учора, 17 чэрвеня, ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі па падазрэнні ў здзяйсненні карупцыйнага злачынства.

Дзеянні затрыманага кваліфікаваныя па ч.3 арт.426 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса. Злачынства адбылося ў перыяд працы падазраванага на папярэдняй пасадзе. Праводзіцца расследаванне», — адзначылі ў Следчым камітэце.

З 2015 па 2017 год Паскробка быў першым намеснікам міністра ЖКГ, а перад тым узначальваў Цэнтральны раён Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?