Алігарх Ігар Каламойскі ў адказ на словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага заявіў, што пакуль што не можа ўкладаць вялікія сродкі ў аднаўленне інфраструктуры Данбаса. Пра гэта паведамляе «Новое время». Выданне адзначае, што па пазове Прыватбанка брытанскі суд даў права Каламойскаму траціць не больш £20 тысяч у тыдзень.
«На рэшту ад £20 тысяч у тыдзень магу пафарбаваць кіёск ці два», — заявіў Каламойскі, адзначыўшы, што не абмяркоўваў з Зяленскім аднаўленне Данбаса.
Прэзідэнт Украіны 20 чэрвеня заявіў, што бізнэс-супольнасць, і ў прыватнасці Каламойскі, будзе ўкладаць у інфраструктуру Данбаса, «але ён пра гэта яшчэ не ведае». Зяленскі паведаміў, што ўжо дамовіўся з заснавальнікам System Capital Management Рынатам Ахметавым аб укладаннях у інфраструктуру рэгіёну.
Агулам Зяленскі ацаніў аднаўленне эканомікі Данбаса больш чым у $11,4 мільярда.