Законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў унесены ў парламент, паведаміла журналістам начальнік упраўлення выканання прысудаў Дэпартамента выканання пакаранняў МУС палкоўнік унутранай службы Жанна Батурыцкая, перадае БелТА.

Традыцыйна прапануецца вызваліць асоб, якія адносяцца да так званай ільготнай катэгорыі асуджаных, што здзейснілі няцяжкія злачынствы. Гэта непаўналетнія, жанчыны і мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, цяжарныя жанчыны, пенсіянеры, інваліды I і II групы, хворыя на анкалагiчныя захворваннi.

Асобнай катэгорыі асуджаных прадугледжана скарачэнне тэрміну на адзін год, а непаўналетнім - на два гады.

Амністыя будзе прымяняцца толькі да асоб, якія станоўча характарызуюцца і цалкам пакрылі шкоду, прычыненую злачынствам.

Прапануецца не распаўсюджваць амністыю на тых, хто раней ёю скарыстаўся, але зноў здзейсніў злачынства. Гэта ж адносіцца і да тых, хто парушае парадак адбывання пакарання, асабліва небяспечным рэцыдывістам. Мяркуецца таксама, што амністыя не будзе распаўсюджвацца на тых, хто здзейсніў пэўныя катэгорыі злачынстваў. Сярод іх злачынствы супраць жыцця і здароўя чалавека, супраць палавой недатыкальнасці, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, здзейсненыя арганізаванай групай, карупцыйныя злачынствы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0