Уцёкі ад некалькіх патрулёў ДАІ на хуткасці 250 км/г, спроба тарану службовага аўто, рух у лясным масіве — так скончылася спроба работніка СТА выпрабаваць чужую BMW X5 М.

Як паведамляе прэс-служба УУС Мінаблвыканкама, 23 чэрвеня а 8:45 нарад ДАІ нёс службу на 11-м км аўтадарогі М3 Мінск - Віцебск. Увагу супрацоўнікаў прыцягнуў BMW X5 М без нумароў, які моцна перавысіў хуткасць.

Аўтааматар паспрабаваў адарвацца ад экіпажа ДАІ, разагнаўшыся да 250 км/г. Не ўлічыў кіроўца, што аўтапарк Дзяржаўтаінспекцыі Міншчыны дазваляе пераследваць і такіх ліхачоў. Таксама ён паспрабаваў тараніць службовае аўто, але супрацоўнікам удалося пазбегнуць сутыкнення.

Кіроўца зразумеў, што не зможа схавацца па аўтатрасе, вырашыў зрабіць гэта паблізу ляснога масіву. Але экіпажы ДАІ і міліцыі блакавалі выезды. У выніку кіроўцу давялося спыніцца.

Высветлілася, што гэта — 27-гадовы работнік СТА, куды гаспадар аддаў на рамонт дарагі BMW. На ліхача складзена 8 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за кіраванне без правоў (раней быў пазбаўлены), стварэнне аварыйнай абстаноўкі і невыкананне патрабавання аб спыненні, што пацягнула пераслед.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0