Каля гадзіны ночы 21-гадовы жыхар Гродна прыйшоў у кватэру свайго знаёмага. Нягледзячы на адамкнутыя дзверы, дома нікога не было, паведамляе прэс-служба УУС Гродзеншчыны. Госць узлаваўся і, знаходзячыся ў агрэсіўным стане, пачаў выкідаць з акна 9 паверха тумбачку, дзверы і іншую мэблю.
Выкінутыя рэчы пашкодзілі «Форд», прыпаркаваны ўнізе. Шум пачула гаспадыня аўто, якая паведаміла пра гэта ў міліцыю.
Зламыснік тым часам збег, але на наступны дзень быў затрыманы супрацоўнікамі крымінальнага вышуку. Варта адзначыць, што раней ён ужо выкідаў мэблю з акна той кватэры. Супраць яго распачатая крымінальная справа за хуліганства.