Старшыня сельскага выканкама ў Чавускім раёне незаконна прыцягваў жыхароў да адміністрацыйнай адказнасці нібыта за парушэнні правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання двароў, паведамляе БелТА ў пракуратуры Магілёўскай вобласці.

У дачыненні да кіраўніка ў красавіку была заведзена крымінальная справа па ч.3 арт.424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) КК. Папярэдняе расследаванне вёў Чавускі раённы аддзел Следчага камітэта.

Высветлілася, што кіраўнік сельскага выканкама ў 2016—2018 гадах, ствараючы бачнасць актыўнай працы па навядзенні парадку на зямлі, незаконна выносіў пастановы аб прыцягненні жыхароў сельсавета да адміністрацыйнай адказнасці за выдуманыя парушэнні. Ён рабіў запісы ў дакументах і падпісваўся ад свайго імя і ад імя грамадзян, якія супрацьпраўныя дзеянні не здзяйснялі. Інфармацыю перадаваў у Чавускі РАУС для ўнясення ў адзіны дзяржаўны банк звестак аб правапарушэннях.

Як патлумачылі ў пракуратуры, штрафы старшыня аплачваў у тым ліку сам з асабістых сродкаў. Прычынамі для іх прызначэння станавіліся нібыта складаванне бытавога смецця, адходаў, дроў на землях агульнага карыстання, засмечаныя прыдамавыя тэрыторыі. Пацярпелымі былі не менш за сем вяскоўцаў.

Крымінальная справа накіраваная ў раённы суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0