Фота брэсцкай міліцыі
Пра незвычайны выпадак з 14-гадовымі школьнікамі з Баранавічаў паведамляе абласная міліцыя.
Усё пачалося з традыцыйных прагулак па дахах гаражоў. У адну з такіх прагулак яны звярнулі ўвагу на праламаны дах аднаго з гаражоў, там стаяў аўтамабіль «Аўдзі». Падлеткі паспрабавалі завесці рухавік без ключоў, замыкаючы драты, але не змаглі.
Юнакі цягам наступных дзён прыходзілі праз дах у гараж, і рамантавалі аўтамабіль.
Нарэшце рухавік завёўся. У выніку яны адкрылі вароты і паехалі катацца па горадзе.
А вось потым здарылася неспадзяванка.
Яны спыніліся па дарозе і папрасілі нейкіх мужчын купіць цыгарэты, але атрымалі катэгарычную адмову.
Прычым падчас размовы адзін з мужчын звярнуў увагу на адсутнасць ключа ў замку запальвання і пачаў пытацца, адкуль у дзяцей аўтамабіль. Спалохаўшыся прыяцелі выскачылі з машыны і кінуліся наўцёкі. Але мужчына адразу паведаміў у міліцыю.
Неўзабаве юнакоў затрымалі.
Ад праваахоўнікаў уладальнік аўтамабіля даведаўся пра здарэнне і быў моцна здзіўлены, так як аўтамабіль быў «не на хаду».
Па факце выкрадання аўто распачата крымінальная справа (ч.2 арт. 214 КК).





