На ваенным самалёце, які суправаджаў лайнер прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару на саміт «Вялікай дваццаткі», знайшлі 39 кг какаіну, піша bbc.com.
У заяве, Міністэрства абароны краіны гаворыцца, што наркотыкі знайшлі, калі самалёт, які ляцеў у Осаку, дзе праходзіць саміт, здзейсніў транзітную пасадку ў Севільі.
Па паведамленнях бразільскіх і іспанскіх СМІ, затрыманы 38-гадовы сяржант Мануэль Сільва Радрыгес. Ён суправаджаў трох бразільскіх прэзідэнтаў у 29 міжнародных паездках.
Крыніцы ў іспанскай паліцыі распавялі газеце «Эль Паіс», што Радрыгес выйшаў з самалёта з багажом у руках. Падчас праверкі ў багажы знайшлі 37 скруткаў з какаінам.
Радрыгес быў членам экіпажа самалёта, які павінен суправаджаць прэзідэнта Балсанару на зваротным шляху з саміту «дваццаткі».
Прэзідэнт ляцеў іншым самалётам, які па шляху ў Осаку прызямліўся ў Лісабоне. Самалёт прэзідэнта таксама павінен быў сесці ў Севільі, але план памяняўся.
Балсанару напісаў у «Твітары», што патрабуе самага строгага пакарання для затрыманага сяржанта.





