28 чэрвеня Віцебскі абласны суд у закрытым судовым пасяджэнні разгледзеў крымінальную справу аб забойстве жанчыны ў Лёзненскім раёне, паведамляе tut.by са спасылкай на прэс-службу Вярхоўнага суда. У верасні мінулага года цела 28-гадовай віцяблянкі знайшлі ў лесе.

Следчыя высветлілі, што жанчына адпачывала ў сваёй кватэры са знаёмымі, а пасля застолля адправілася ў лес з двума з іх, мужчынам і жанчынай. Эксперты заявілі, што жанчыну пахавалі жыўцом. Абвінавачванні ў забойстве пры абцяжваючых абставінах былі выстаўленыя 21-гадоваму мужчыну (раней яго судзілі за крадзеж машыны) і 24-гадовай жанчыне. Усяго па справе былі затрыманыя чатыры чалавекі.

Матывам забойства было жаданне завалодаць кватэрай жанчыны: абвінавачваны разлічваў здаваць яе і пасля смерці гаспадыні нават размясціў адпаведную аб'яву на спецыялізаваным сайце.

Абвінавачаныя 21-гадовы мужчына і 24-гадовая жанчына прызнаныя вінаватымі ў наўмысным забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю, з карыслівых меркаванняў, групай асобаў. Мужчыну па сукупнасці злачынстваў (забойства, злоснае хуліганства, рабаванне, выраб парнаграфіі і інш.) асудзілі на 22 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і штраф 980 рублёў. Жанчыну асудзілі на 17 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і канфіскацыю маёмасці. З іх таксама будзе спагнана кампенсацыя маральнай шкоды на карысць двух пацярпелых - па 36 000 рублёў кожнаму.

Яшчэ двое абвінавачаных, якія праходзяць па справе, - 24-гадовыя мужчына і жанчына. Іх прызналі вінаватымі ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў і злосным хуліганстве ды асудзілі на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на два гады. Мужчына яшчэ атрымаў штраф 110 базавых велічынь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0