Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ «Аб прысваенні звання Герой Украіны» тром ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, што спускалі ваду пад рэактарам, піша bbc.com.

Кадр з серыяла «Чарнобыль» НВО. У фільме Ананенка, Баранаў і Бяспалаў спускаюцца ў аквалангах. Насамрэч яны былі ў гідракасцюмах з рэспіратарамі.

Кадр з серыяла «Чарнобыль» НВО. У фільме Ананенка, Баранаў і Бяспалаў спускаюцца ў аквалангах. Насамрэч яны былі ў гідракасцюмах з рэспіратарамі.

Званне прысвоена старшаму інжынеру-механіку рэактарнага цэха ЧАЭС Аляксею Ананенку, старшаму інжынеру турбіннага цэха АЭС Валерыю Бяспалаву і начальніку змены АЭС Барысу Баранаву (пасмяротна).

Аляксей Ананенка, Валерый Бяспалаў і Барыс Баранаў спусціліся ў басейн пад разбураным рэактарам і адкрылі запорныя клапаны, каб вызваліць яго ад вады.

Дзякуючы гэтаму, удалося пазбегнуць кантакту расплаўленага ядзернага матэрыялу з вадой, у выніку якога з высокай верагоднасцю мог адбыцца паўторны выбух на ЧАЭС, заявілі ў Офісе прэзідэнта Украіны.

Гэтыя людзі «ўганараваныя найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай за гераізм і самаадданыя дзеянні падчас ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС», гаворыцца ў тэксце ўказу.

Серыял «Чарнобыль», які выпусцілі нядаўна кампаніі HBO і Sky, стаў мегапапулярным ва ўсім свеце і прыцягнуў увагу да падзей красавіка 1986 года. У серыяле сцэна спуску трох «ліквідатараў» Ананенка, Бяспалава і Баранава ў радыеактыўную ваду пад рэактарам ЧАЭС стала адной з самых яркіх і драматычных.

Апісваючы ў серыяле небяспеку магчымага новага выбуху і неабходнасць адпраўлення вадалазаў пад рэактар, прафесар Валерый Лягасаў ў размове з генсакам КПСС Міхаілам Гарбачовым папрасіў у яго дазволу «забіць трох чалавек». Такі дазвол ад Гарбачова ён атрымаў.

Таксама ў серыяле паказалі, як шукалі добраахвотнікаў для гэтай задачы і як потым сустракалі іх апладысментамі.

Рэальны ўдзельнік тых падзей Аляксей Ананенка распавёў, што яму патэлефанавалі і паставілі задачу - адпампаваць ваду з-пад рэактара.

«Сама аперацыя прайшла хутка і без ускладненняў», - сказаў Ананенка. Аднак, вадалазам даводзілася праходзіць участкі з вельмі высокім «радыяцыйным ціскам», у прыватнасці ля ўваходу ў транспартны калідор разбуранага 4 блока.

А пасля іх выхаду вонкі ніхто нікому не апладзіраваў, успамінае Ананенка.

«Гэта была звычайная праца, хто будзе апладзіраваць? Героямі не пачуваліся, адчувалі сябе як звычайна», - адзначыў спадар Ананенка.

Раней быў пашыраны міф, што «чарнобыльскія дайверы» памерлі ад прамянёвай хваробы. Але гэта не так. Пасля спуску пад рэактар ​​яны працягвалі працаваць на ЧАЭС.

Барыс Баранаў памёр у 2005 годзе, а Валерый Бяспалаў і Аляксей Ананенка жывуць па суседстве ў кіеўскім мікрараёне Траешчына.

На Чарнобыльскай АЭС Ананенка прапрацаваў да 1989 года, затым перайшоў на працу ў іншыя арганізацыі, звязаныя з атамнай энергетыкай і бяспекай.

Яшчэ ў савецкія часы ён атрымаў «Знак пашаны», а у 2018 годзе прэзідэнт Украіны Парашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам «За мужнасць» III ступені.

Зрэшты, чалавек, які перажыў спуск пад 4 рэактар ​​ЧАЭС, пацярпеў ужо ў Кіеве - у 2017 годзе яго на пешаходным пераходзе збіла машына. Ён атрымаў цяжкую траўму галавы і нагі, больш за месяц быў у коме. Аляксей Міхайлавіч змог аднавіцца, хоць на працу ўжо не вярнуўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0