Паміж прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і брытанскім кампазітарам і спеваком сэрам Элтанам Джонам завязалася завочная палеміка на прадмет таго, парушаюцца або не ў Расіі правы лесбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендараў (ЛГБТ).

У суботу ў Осака на завяршальнай прэс-канферэнцыі па выніках саміту «Вялікай дваццаткі» Пуцін адзначыў, што, на яго думку, Элтан Джон памыляецца ў тым, што ў Расіі ёсць праблема з правамі прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.

kremlin.ru

kremlin.ru

Ён зрабіў гэтую заяву ў адказ на адкрыты зварот у свой адрас, якую Элтан Джон у пятніцу апублікаваў у сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках, у прыватнасці ў інстаграме.

Пра тое, як развівалася гэтая палеміка, піша Бі-бі-сі.

27 чэрвеня прэзідэнт Пуцін даў разгорнутае інтэрв'ю брытанскай газеце Financial Times (цытаты з афіцыйнага сайта Крамля), у якім, разважаючы пра ліберальныя каштоўнасці, сказаў, што «сама гэтая ідэя сябе зжыла, і яна ўвайшла ў супярэчнасць з інтарэсамі пераважнай большасці насельніцтва».

Аб правах ЛГБТ Пуцін сказаў наступнае:

«Традыцыйныя каштоўнасці. Я не хачу нікога пакрыўдзіць, разумееце, нас і так робяць гамафобамі і гэтак далей. А мы нічога не маем супраць людзей нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі. Дай бог здароўя, няхай жывуць так, як лічаць патрэбным. Але некаторыя рэчы для нас здаюцца залішнімі.

Што тычыцца дзяцей, напрыдумлялі, я не ведаю, там пяць полаў ўжо ці шэсць полаў. Я нават не ведаю, што гэта такое. Хоць няхай усім будзе добра, мы нічога супраць нікога не маем. Але нельга за гэтым забываць і культуру, і традыцыі, і традыцыйныя асновы сем'яў, якімі жывуць мільёны людзей карэннага насельніцтва».

(Тое, што на Захадзе «напрыдумлялі шэсць полаў», гучыць у выступах пракрамлёўскіх дзеячаў не ўпершыню. У студзені віцэ-спікер Дзяржаўнай думы Пётр Талстой таксама казаў пра тое, што ў патрабаваннях ПАСЕ аб складзе расійскай дэлегацыі фігуравала наяўнасць у ёй прадстаўнікоў шасці полаў. Пазней ён прызнаў, што няправільна зразумеў рэгламент арганізацыі, аднак і з наступных яго разважанняў не выцякала, што цяпер ён разумее іх правільна).

28 чэрвеня Элтан Джон выклаў у інстаграм зварот да Пуціна.

«Я вельмі засмуціўся, прачытаўшы ваша нядаўняе інтэрв'ю Financial Times. Я катэгарычна не згодны з вашай пазіцыяй пра тое, палітыка, якая прызнае мульцікультурную і сэксуальную разнастайнасць, састарэла для нашага грамадства. Я лічу двудушнай ваша заяву аб тым, што вы хочаце, каб у людзей ЛГБТ «усё было добра», і што «мы нічога супраць нікога не маем».

І ў той жа час расійскія пракатчыкі вырашылі моцна адцэнзураваць мой фільм «Рокетмен», прыбраўшы ўсе згадкі пра тое, што я знайшоў сваё шчасце з Дэвідам [Фёрнішам, сужэнцам сэра Элтана], з якім мы разам ужо 25 гадоў і выхоўваем дваіх выдатных сыноў. Гэта ў маім разуменні — крывадушнасць.

Я вельмі ганаруся тым, што жыву ў той частцы свету, дзе нашы ўрады эвалюцыянавалі настолькі, што прызналі ўніверсальнае права кожнага чалавека кахаць таго, каго яму хочацца. І я па-сапраўднаму ўдзячны за дасягнуты прагрэс у нашай урадавай палітыцы, які дазволіў і юрыдычна замацаваў мой шлюб з Дэвідам. Гэта прынесла нам абодвум небывалае шчасце».

З новага біяграфічнага фільма «Рокетмен» для расійскага пракату выразалі некалькі сцэн агульным хранометражам у пяць хвілін, у прыватнасці, пасцельную сцэну, дзе малады Элтан займаецца сэксам са сваім менеджарам Джонам Райдам, а таксама слайд, які з'яўляецца на тытрах, з фатаграфіяй Элтана Джона з сужэнцам, на якім паведамляецца, што «Элтан Джон знайшоў сваё сапраўднае каханне — Дэвіда Фёрніша, з якім яны жывуць разам ужо 15 гадоў, пабраліся шлюбам і выхоўваюць дваіх дзяцей».

Кампанія-пракатчык заявіла, што фільм быў адрэдагаваны ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам.

У Беларусі фільм пра Элтана Джона пакажуць без сцэн гей-сэксу і ўжывання наркотыкаў

29 чэрвеня, знаходзячыся на саміце «вялікай дваццаткі» ў Осака, Пуцін адказаў на пытанне журналістаў пра папрокі у ягоны адрас з боку Элтана Джона:

«Я яго вельмі паважаю, ён геніяльны музыка, насамрэч ён жа ездзіць да нас, прычым мы з задавальненнем яго ўсе слухаем, але я думаю, што ён памыляецца.

Я тут нічога не перабольшыў. У нас сапраўды вельмі роўнае стаўленне да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Рэальна — спакойнае, абсалютна непрадузятае. У нас ёсць закон, за які нас усе шпынялі, — гэта закон аб забароне прапаганды гамасэксуалізму сярод непаўналетніх.

Давайце дамо чалавеку вырасці, стаць дарослым, а потым вырашыць, хто ён такі. Пакіньце дзяцей у спакоі. Я ўжо казаў у інтэрв'ю — пяць ці шэсць полаў напрыдумлялі — трансформеры, транс… яшчэ штосьці там, я ўжо нават не разумею, што гэта такое.

Гэтая частка грамадзтва досыць агрэсіўна навязвае свой пункт гледжання пераважнай большасці.

Трэба быць больш лаяльнымі адзін да аднаго, больш адкрытымі і транспарэнтнымі. Нічога я тут не сказаў незвычайнага. Трэба паважаць ўсіх — гэта праўда. Але нельга сілавым метадам навязваць свой пункт гледжання».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?