У суботу днём у мікрараёне Маладзёжны ў Лідзе адбылося ДТЗ з удзелам нецвярозага кіроўцы. 44-гадовы жыхар не справіўся з кіраваннем аўтамабіля «Ровер 416», з'ехаў з праезнай часткі і ўдарыўся ў бетонную агароджу аднаго з прыватных дамоў, піша «Лідская газета».
На шчасце, ні ён, ні яго жонка, якая ехала ў аўтамабілі ў якасці пасажыра, ні хто-небудзь з выпадковых мінакоў не пацярпелі. Кіроўцу адвезлі на медыцынскі агляд. У яго арганізме было 2,38 праміле алкаголю.
Аказалася, што сям'я лідчукоў здзейсніла фактычна два ДТЗ. Спачатку на «Роверы» ў агарод заехала жонка, а затым у плот муж. Супрацоўнікаў ДАІ выклікалі відавочцы.
Нарад на месцы здарэння выявіў толькі пабіты аўтамабіль. Пазней былі затрыманыя кіроўца, які пакінуў месца ДТЗ, і яго жонка.
Высветлілася, што, выйшаўшы з мясцовага магазіна, жонка папрасіла мужа дазволіць ёй сесці за руль. Мужчына дазволіў, нягледзячы на тое, што жонка была п'янай і ніколі не мела вадзіцельскага пасведчання. Яна праехала трохі — пакуль аўтамабіль не ўткнуўся ў бульбяное поле.
Тады за руль зноў сеў мужчына, але праехаць больш за сто метраў на пашкоджаным аўтамабілі ён не змог і, страціўшы кіраванне, заехаў у плот. Пакінуўшы машыну на месцы здарэння, муж і жонка сышлі дадому, дзе пазней іх затрымалі супрацоўнікі ДАІ.
У выніку на іх было складзена дзесяць пратаколаў: шэсць на мужа і чатыры на жонку.





