Дзе ён будзе знаходзіцца?
У новага хостэла ўжо ёсць і афіцыйны сайт — там можна даведацца пра яго месцазнаходжанне, аб нумарах і цэнах. Знаходзіцца Hostel Urban будзе на вуліцы Архітэктара Заборскага, 3 — у трохпавярховым будынку за «домам Чыжа».
Што там будзе?
На сайце сказана, што ўсяго ў хостэле будзе 24 нумары агульнай умяшчальнасцю 110 чалавек: двухмесныя, трохмесныя, сямейныя, нумар double, чатырохмесны жаночы нумар і шматмесныя змяшаныя нумары. Цэны пачынаюцца ад 20 рублёў за месца, а двухмесныя нумары каштуюць ад 55 рублёў.
У хостэле будуць кафэтэрый, бар, саўна, трэнажорная зала, бясплатны Wi-Fi, тэраса і ўнутраны дворык, канферэнц-зала, lounge-зона.
«Увесь інтэр'ер аформлены ў стылі лофт: шэра-чорныя высокія столі, натуральная выбеленая дошка на падлозе, некранутыя ўстаўкі з натуральнага бетону і цэглы, захаваныя аўтэнтычная канструкцыя будынка», — напісана на сайце хостэла.
Так выглядаў будынак падчас рэканструкцыі. Фота: spadchina.by
У гэтым доме пасля вайны жыла сямʼя і прайшло дзяцінства нобелеўскага лаўрэата па фізіцы Жарэса Алфёрава. Вуліца тады называлася Камунальным завулкам. У маі 2019 года там адбыўся пажар.