У канцы чэрвеня ўкраінскія спецслужбы правялі аперацыю на тэрыторыі так званай «ДНР» і затрымалі былога камандзіра СПА ў горадзе Снежнае Уладзіміра Цемаха. Зацікавіць украінскіх сілавікоў Цемах мог таму, што побач з гэтым горадам 17 ліпеня 2014 года быў збіты малайзійскі «Боінг».

Факт затрымання Цемаха пацвердзілі яго кіеўскі адвакат і дачка, якая пражывае на тэрыторыі так званай «ДНР».

Былы вайсковец так званых «узброеных сіл ДНР», Цемах быў затрыманы ў сваёй кватэры ў горадзе Снежнае 27 чэрвеня, пасля чаго незразумелым да канца спосабам быў перапраўлены праз лінію судакранання на тэрыторыю, кантраляваную ўкраінскай арміяй.

«28 чэрвеня ў дзень канстытуцыі Украіны ён быў дастаўлены ў Кіеў, а 29 чэрвеня Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева прыняў рашэнне аб яго арышце на два месяцы, дата апеляцыі пакуль што не прызначаная», — паведаміў Бі-бі-сі адвакат затрыманага Раман Гонтар.

Абмяркоўваць іншыя дэталі справы абаронца адмовіўся, спаслаўшыся на таямніцу следства.

Дачка Уладзіміра Цемаха Марыя распавяла Бі-бі-сі, што першым прапажу былога вайскоўца заўважыла яго жонка, якая вярнулася 27 чэрвеня з працы і пабачыла дома сляды крыві і барацьбы.

Наступныя суткі яго сваякі спрабавалі арганізаваць пошукі зніклага, а да вечара 28 чэрвеня атрымалі ліст ад адваката з Кіева, што на наступны дзень суд разгледзіць пытанне аб арышце Цемаха.

Затрыманаму было прад'яўленае абвінавачванне па частцы 1 артыкула 258-3 Крымінальнага кодэкса Украіны — «Стварэнне тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі».

Калі віна Цемаха будзе даказаная, яму пагражае ад васьмі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі. Пакуль што суд прыняў рашэнне аб яго арышце на два месяцы — да канца жніўня.

Аперацыю па затрыманні Цемаха ўкраінскія спецслужбы правялі глыбока ў тыле ад лініі судакранання.

Снежнае знаходзіцца за 20 км ад мяжы з Расіяй, найбліжэйшы пункт на лініі судакранання — прыкладна за 45 км ад горада.

«Які сэнс выкрадаць з глыбокага тылу? Са слоў адваката мы ведаем, што гэта зрабілі супрацоўнікі СБУ і што яго ў абыход блокпастоў вывезлі наўпрост праз лінію размежавання», — сказала Бі-бі-сі дачка затрыманага.

У тэлеграм-каналах, дзе праз некалькі дзён пасля знікнення ўпершыню пачалі абмяркоўваць магчымае затрыманне Цемаха ўкраінскімі спецслужбамі, давалі і іншыя версіі.

Так, данецкі палітолаг Раман Манекін напісаў са спасылкай на былога калегу зніклага, што ён «на ўласнай машыне быў вывезены праз адзін з пунктаў пропускаў («Мар'інка») на калясцы пад выглядам паралізаванага бацькі па падробленых дакументах».

Марыя Цемах сказала Бі-бі-сі, што звязвае затрыманне свайго бацькі з тым, што ў 2014 годзе «ён быў начальнікам СПА» ў Снежным.

«Боінг» зараз паспрабуюць павесіць на яго. Але начальнікам СПА ён лічыўся з кастрычніка 2014 года, проста быў адзіным такім спецыялістам, — запэўнівае яна. — Калі быў збіты «Боінг», ён не быў ключавой фігурай — звычайны вайсковы, проста стаяў на блокпосце. Ён выйшаў ваяваць, як і ўсе прыхільнікі мірнага жыцця на нашай зямлі».

Дачка затрыманага мяркуе, што ўкраінскім спецслужбам было вядома пра тое, што яе бацька ўзначальваў СПА ў Снежным ў 2014 годзе, але яны не ведалі, што ён, як кажа Цемах, не меў да іх ніякага дачынення ў ліпені, калі быў збіты рэйс MH-17.

Як вынікае з запісаў у ваенным білеце Уладзіміра Цемаха, 23 кастрычніка 2014 года «міністэрствам абароны ДНР» яму было прысвоена званне «палкоўнік», у той момант ён ужо займаў пасаду «начальніка супрацьпаветранай абароны брыгады».

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева пастанавіў пакінуць Цемаха пад арыштам да 25 жніўня

Суразмоўца Бі-бі-сі, блізкі да камандавання ўзброеных фарміраванняў у «ДНР», распавёў, што аперацыю па затрыманні Цемаха праводзіла не Служба бяспекі Украіны (СБУ), а падраздзяленне сіл спецыяльных аперацый (ССА) узброеных сіл Украіны.

Украінскія спецслужбы пакуль што не рабілі ніякіх заяў у сувязі з затрыманнем Цемаха на некантралюемай Украінай тэрыторыі Данецкай вобласці.

У прэс-цэнтры аперацыі аб'яднаных сіл, якая праводзіцца на ўсходзе Украіны, Бі-бі-сі паведамілі: «Мы інфармацыю, якую распаўсюджваюць з таго боку, не каментуем».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?