Роўна месяц таму, 11 чэрвеня, Юрый Караеў быў прызначаны міністрам унутраных спраў. Ён змяніў на гэтай пасадзе адыёзнага Ігара Шуневіча, які запомніўся многім сваімі неадназначнымі словамі і ўчынкамі. Ці атрымалася Караеву нешта змяніць у працы МУС за гэтыя трыццаць дзён?
Міністэрства стала больш адкрытым
Першае, што заўважылі літаральна ўсе, — гэта змена працы ў медыйным кірунку. Калі пры Шуневічу МУС было ледзьве не больш закрытай структурай, чым КДБ, то цяпер падыходы пачынаюць мяняцца.
Звернем увагу, што прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава завяла тэлеграм-канал, дзе аператыўна інфармуе пра здарэнні і крымінальныя навіны. Напрыклад, у сітуацыі з самагубствам вясковага дэбашыра ў міліцэйскай машыне менавіта структуры МУС самі распраўсюдзілі навіну, а не сталі захоўваць маўчанне па старой памяці. Калі бачна, што сілавікі нічога не хаваюць і гатовыя самі расказваць, расце і давер да міліцыі.
І гэта не адзінкавы падобны выпадак. Такія стандарты працы былі зададзеныя ад першага дня Караева на пасадзе. Калі ў Баранавічах памёр салдат унутраных войскаў МУС, прэс-сакратар Уладзімір Пархамцаў сказаў «НН», што на апублічванне здарэння была асабістая воля міністра. Паглядзім, што будзе далей.
Дазволіў фоткацца з гарадавым
Здаецца, у Караева няма ніякага пункціка наконт помніка царскаму гарадавому, як тое было ў ягонага папярэдніка. Для Шуневіча гарадавы набыў сакральны характар. І любы жарт з гарадавога ўспрымаўся міліцыяй вельмі рэзка.
Чаго варты вядомы выпадак з 16-гадовым падлеткам Арсенем, які даў помніку поўху. Міліцыянеры не проста злавілі хлопца, але і на камеру прымусілі прасіць прабачэнне ў кавалка металу. У інтэрнэце пісалі, што гэта ўжо амаль як у Чачні. А міністр Шуневіч заявіў, што гэта была асабіста ягоная ідэя. 18-гадовай студэнтцы Аляксандры пашанцавала яшчэ меней: яна двое сутак правяла ў ізалятары за паднятую на помнік нагу.
Юрый Караеў сказаў, што з помнікам можна фоткацца. «Можна рабіць усё, што не абражае чалавечую годнасць», — запэўніў міністр. Пакуль ніякіх выпадкаў затрыманняў людзей за інцыдэнты з гарадавым пры Караеве не было.
Прыняў «Маці 328»
Ужо ў першы месяц працы Караеў сустрэўся з лідаркай руху «Маці 328» Ларысай Жыхар. Гэта аб’яднанне маці, якія змагаюцца за тое, каб іх дзецям, асуджаным па наркатычных артыкулах, зменшылі тэрміны адбывання пакарання.
Пасля сустрэчы спадарыня Жыхар заявіла, што ў Юрыя Караева існуе жаданне дэталёва разабрацца ў сітуацыі. «Маці я ніколі не адмаўляю», — перадала яна словы міністра.
Што ж паабяцаў Караеў? У прыватнасці, павялічыць час спатканняў для сваякоў асуджаных, а таксама разбіць перадачы ў калонію на некалькі. Паабяцаў міністр унікнуць і ў пытанне «зялёных нашывак», якія носяць у зняволенні асуджаныя па 328-м артыкуле. У найбліжэйшы час будзе зразумела, што з гэтага будзе выканана.
Пазітыўны імідж на Еўрапейскіх гульнях
У самым пачатку гульняў Караеў адзначыў, што міліцыя паўстане перад гасцямі «ветлівай і карэктнай». У выніку, хай турыстаў прыехала не так шмат, нараканняў на працу міліцыі не было, хутчэй наадварот.
Напрыклад, турыстка са Славакіі забылася ў аўтобусе мабільнік. У выніку міліцыя вельмі хутка знайшла дзяўчыну і вярнула ёй тэлефон. Тое самае тычыцца турысткі з Украіны, якая на спаборніцтвах па боксе «пасеяла» кашалёк. І тут міліцыя прыйшла на дапамогу.
А вось нейкіх выпадкаў са знакам мінус з удзелам міліцыі на Еўрапейскіх гульнях, на шчасце, зафіксавана не было.
Ходзіць у цывільным касцюме, а не ў форме
Дбае міністр і пра свой уласны імідж. Напрыклад, часцей за ўсё на людзях ён з’яўляецца не ў форме, а ў цывільным. Так ён прыходзіў, напрыклад, у парламент. Шуневіч аддаваў перавагу выключна форме.
Без формы сфоткалі міністра, калі Караеў выходзіў з будынка МУС і ішоў у бок стадыёна «Дынама». Міністр быў абсалютна адзін і без аховы. Еўрапейскі падыход.
Тэлеграм-канал «Кульгавы д’ябал» зазначае, што знаёмства з калектывам міністэрства Караеў пачаў не з таго, што ўсіх склікаў у сваім кабінеце, а сам прайшоўся па кабінетах падначаленых, каб лепш з імі пазнаёміцца.





