У інтэрнэце з'явілася відэа, на якім прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі груба адштурхнуў міністра абароны Украіны Сцяпана Палтарака.

Інцыдэнт адбыўся падчас таго, як Уладзімір Зяленскі разам з міністрам абароны Сцяпанам Палтаракам і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Украіны Русланам Хамчаком наведалі прэзентацыю новых модуляў, якія прызначаны для размяшчэння байцоў украінскай арміі на перадавой.

Аднак ужо падчас размовы з намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі, калі аператар апусціў камеру і адышоў, прэзідэнт раптам адштурхнуў міністра абароны ўбок.

Украінскі журналіст Юрый Бутусаў на сваёй старонцы Facebook напісаў: «Палтарак сказаў, што ніякага інцыдэнту не было. З яго слоў было так. Пасля прывітання міністра і начальніка генштаба Хамчака, прэзідэнт падышоў да намеснікаў кіраўніка адміністрацыі Рабашапкі і Цімашэнкі. Мабыць, прэзідэнт хацеў нешта ім сказаць сам-насам па іншай тэме. Таму ён павярнуўся ў бок міністра і сказаў: «Хвілінку!» Сказана гэта было, па словах міністра, карэктна, без пагроз. Пасля некалькіх слоў сустрэча пайшла паводле плана».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0