У Брэсце плануецца ўсталяваць памятны знак ахвярам гета і бюст маршала Канстанціна Ракасоўскага. Пра гэта заявіў старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук на сустрэчы з жыхарамі абласнога цэнтра, перадае БелТА.
У пачатку гэтага года на будаўнічай пляцоўцы ў цэнтры Брэста былі знойдзеныя парэшткі 1214 вязняў яўрэйскага гета. Прынята рашэнне ўвекавечыць іх памяць і ўсталяваць памятны знак на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Куйбышава.
«Хочам зрабіць знак, які стане ў тым ліку месцам ўвагі моладзі, турыстаў. Вывучаем сусветны вопыт, падыходы. Тыя эскізы, якія цяпер ёсць, у прынцыпе, дазваляюць казаць, што будзе цікавы праект. Ён прымусіць жыхара сучаснага горада ўспомніць падзеі 1941—1942 гадоў: на карту цяперашняга Брэста накладзем карту гета з тымі назвамі вуліц», - распавёў Аляксандр Рагачук.
Таксама мэр адзначыў, што грамадскасць прапанавала ўвекавечыць памяць маршала Канстанціна Ракасоўскага, які кіраваў аперацыяй па вызваленні Брэста.
Канстанцін Ракасоўскі ў маладосці.
«На бюсце хочам напісаць па-беларуску: «Маршалу Ракасоўскаму ад удзячных берасцейцаў».
Адпаведныя ўзгаднення з Міністэрствам культуры пройдзены, зараз ідзе працэс творчага ўвасаблення. Але самае складанае — выбар месца», — падкрэсліў старшыня гарвыканкама.