Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра беларускую знешнюю палітыку і інтэграцыйныя працэсы. 

З сусвету варажбітоў на кававай гушчы шэпчуць, што, калі Лукашэнка сустракаецца з кіраўніцай прадстаўніцтва ЕС Андрэа Віктарын праз 4 дні пасля незразумела чым скончаных перамоваў з Расіяй (здаецца, яны дабазарыліся нешта там паляпшаць з роўмінгам), — гэта дакладная прыкмета таго, што прарыву ў інтэграцыі не адбылося. Але мяне цікавяць не дробязі. Мяне цікавіць агульная карціна.

А ў ёй ёсць адна цікавая чыста лінгвістычна рэч, якая, праз паўтарэнне апошніх 20 гадоў, ужо паспела зрабіцца незаўважнай для чытачоў. Вось, глядзіце, на сустрэчы з Віктарын:

«Няма сёння перашкод для таго, каб узмацняць дыялог не толькі па эканамічных, але і па палітычных пытаннях. Беларусь да гэтага гатовая. Давайце будзем у гэтым кірунку рухацца».

Што тут ёсць? Няпэўная будучыня. Нейкі няспынны працэс. Нейкі future continuous. З факталогіі — «гатоўнасць рухацца» і «ўзмацняць». Не падпісваць дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму, не скасоўваць смяротнае пакаранне, не змяняць выбарчы кодэкс — вельмі дакладныя рашэнні, якія адразу цягнуць за сабой каляндар іх выканання. І, дарэчы, пахаладанне ў іншым геапалітычным напрамку. Але — «рухацца» і «ўзмацняць». У мову гэтыя тэрміны ўкладзеныя такім чынам, што скончыць іх немагчыма. Гэта такая працягласць — рушанне «насустрач» будзе ісці і ісці. Дыялог па палітычных пытаннях — «узмацняцца і ўзмацняцца». 

За чатыры дні да таго, на сустрэчы з Пуціным: «Лукашэнка прапанаваў зняць усе спрэчныя пытанні і падрыхтаваць праграму стратэгіі дзеянняў па інтэграцыі да 8 снежня 2019 года. На думку Лукашэнкі, гэтыя пытанні ляжаць на паверхні. Ён дадаў, што падтрымлівае прапанову ўрадаў дзвюх краін пра тое, што неабходна адначасова знайсці ўзаемаразуменне да 20-й гадавіны падпісання Саюзнай дамовы».

Гэта зноўку класічны прыклад «будучага няздзейсненага» ў беларускім варыянце. Мы прапануем не ўвесці расійскі рубель і ўвесці сюды расійскія войскі. Не, мы кажам пра рэчы, якія можна пачаць, але немагчыма скончыць. Здымаць спрэчныя пытанні можна сто гадоў — і паралельна абавязкова ўзнікнуць новыя спрэчныя пытанні. Якія таксама трэба будзе бясконца вырашаць. «Знаходзіць узаемаразуменне» нават у межах адной сям’і — гэта задача на цэлае жыццё.

Пакуль адзін з сужэнцаў не памёр, «узаемаразуменне» быццам і не ўсталявалася. Бо сёння разуменне ёсць, а заўтра яна яму патэльняй па бошцы. І няма болей ўзаемаразумення. 

І якую галіну знешняй палітыкі ні вазьмі — нават адносіны з якой-небудзь Манголіяй ці Сірыяй — мы не ў цяперашнім часе. Мы ў будучыні. Якая не можа надысці. Яна можа толькі надыходзіць. Яны вунь з Індыяй не могуць візы скасаваць, хаця Індыя пасля беларускага бязвізу да скасавання візаў гатовая. Не, мы будзем знаходзіцца ў бясконцым працэсе «знаходжання паразумення».

І я вельмі добра разумею, чаму так адбываецца.

Яны цягнуць час.

Яны сочаць за ціканнем гадзінніка беларускай незалежнасці.

Яны хочуць, каб наш суверэнітэт патэнцыйныя партнёры па перамовах успрымалі як неаспрэчную дадзенасць. Бо сёння ён невідавочны нават для палякаў, не кажучы ўжо пра многіх астатніх. І таму мы няспынна гандлюем уласнай будучыняй, прычым робім гэта так, каб нічога канкрэтнага, акрамя «неадкладнага пашырэння палітычнага дыялогу з ЕС» ці «зняцця пытанняў з Расіяй», з нас спытаць было немагчыма. Адначасова яўнай перавагай з’яўляецца тое, што свае гешэфты можна выгандлёўваць адразу з усіх бакоў. Зразумела, што гешэфтаў тых з кожным годам робіцца меней, бо партнёры пачынаюць разумець сваю ролю ў забеспячэнні «будучага няздзейсненага» беларускай палітыкі. Але прастора для палітычных крокаў застаецца шырэйшай.

Гэта любімы прынцып беларускіх уладных шахматыстаў: трымаць дошку чыстай. Каб на ёй не было крокаў, закрытых для караля.

Але ёсць у гэтым адзін турботны момант. Рэч у тым, што будучыня мае ўласцівасць усё ж наступаць. І зразумела, што цяпер, пакуль час у Беларусі рушыць вельмі павольна, а выклікі вычэрпваюцца кармленнем галубоў у Берасці, вось такія перамовы ў гіпатэтычным будучым часе — дапушчальныя.

Аднак для такога апетытнага перакрыжавання, якім з’яўляецца Беларусь, абавязкова прыйдзе фаза, калі з глабальнымі перавагамі трэба будзе вызначацца вельмі тэрмінова.

І калі ў наменклатуры і наступнікаў не будзе яснага бачання, куды мы і з кім мы — а гэтага разумення няма цяпер, бо перамовы па двух супярэчных напрамках вядуцца адной і той жа мовай, дык вызначыцца ўсё можа простым збегам абставін. І ўсе назапашаныя крокі ў адным з кірункаў давядзецца рабіць проста бегам. 

То я б на месцы наменклатуры адказаў бы на пытанне, з кім мы ўсё ж — хаця б самім сабе. Прычым адказаў простымі словамі. Без future perfect, future imperfect і future continuous. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?