Ідэя дзяліцца гісторыямі са службы прыйшла да Антона не так даўно, хаця ў МНС ён працуе ўжо пяты год. І ў інстаграме гісторый пакуль няшмат, але, расказвае хлопец, яму вельмі хочацца падзяліцца тым, што стаіць за кароткімі паведамленнямі ў зводках.

«У зводках галоўнае што? Паказаць канчатковы вынік: пажар ліквідаваны, пацярпелых няма. Я ж імкнуся пісаць так, каб людзям было цікава і каб яны хоць бы мінімальна ўяўлялі сабе, што адбываецца на кожным этапе работы пажарных-ратавальнікаў», — расказвае Антон Булах.

Праца ратавальніка, сцвярджае хлопец, разнастайная. Гэта не толькі тушэнне пажараў, але і іншыя здарэнні.

«Ну і куды без ратавання коцікаў з дрэў», — смяецца Антон. 

Хаця, прызнаецца, і страшна таксама было.

«Неяк мяне ледзь не прыдушыла перакрыцце ў доме, які згарэў. Але найчасцей успамінаю свой першы выезд на пажар, калі яшчэ быў курсантам. Мы прыехалі, пастроіліся каля машыны. Падышоў афіцэр, які кіраваў тушэннем пажару, абраў 4 чалавекі з нашых і сказаў несці вялікі чорны пакет. Нічога не падазраючы, мы панеслі, а адтуль вывалілася рука. Аказалася, у ім быў труп мужчыны. Ды і гэта быў нават не страх, а больш здзіўленне і нечаканасць», — расказвае Антон. 

«Нашай Ніве» Антон расказаў дзве гісторыі, якія яму запомніліся больш за ўсё.

Гісторыя першая. Пра свінню

У пажарную часць неяк прыйшоў мужчына з просьбай дастаць свінню з гаража. Мы спачатку вырашылі, што гэта жарт, але, патрапіўшы на месца, убачылі, што з рамонтнай ямы ў гаражы на нас насамрэч глядзеў 400-кілаграмовы кныр.

Як жа трапіла туды жывёла, спытаеце вы? Праз сваю прагнасць.

Гэты кныр гуляў па двары, заўважыў, што ў гаражы стаіць вядро з кукурузай, узрадаваўся, стаў яе есці з прагнасцю і не звярнуў увагу, што вядро ўсё бліжэй пад’язджае да краю адкрытай ямы. Вядро — уніз, свіння ў акрабатычным эцюдзе ўслед за ім.

Ну што, трэба ратаваць абжору. Мы абматалі яго пажарнымі рукавамі, прывязалі іх да машыны, падставілі дошкі, каб гэты акрабат не зламаў сабе ногі, — і давай цягнуць. Праз паўгадзіны намаганняў свіння была вызваленая з палону, аднак праз перажыты шок яшчэ некаторы час насілася як звар’яцелая па двары, заматаная ў нашы рукавы.

Гісторыя другая. Пра моцны сон

На Новы год гэта было. А 7-й раніцы 31 снежня паступіў выклік, што гарыць двухпавярховы дом.

Прыязджаем. Сапраўды, гарыць увесь другі паверх. Ратавальнікаў выклікалі суседзі. Пытаемся ў іх: дома можа хтосьці быць? Не, адказваюць. Заходзім у дом, а на першым паверсе спіць гаспадар. Дыму ён, канечне, наглытаўся, але нават не зразумеў, што яго разбудзілі пажарныя. Прычына пажару? Вырашыў прапаліць у печы, перабраў з колькасцю дроў. Добра, што ўсё абышлося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?