Беларусы аказаліся аднымі з галоўных пакупнікоў польскай нерухомасці сярод замежнікаў, паведамляе interia.pl.

З 2016 года найбольш актыўнымі пакупнікамі-замежнікамі на польскім рынку нерухомасці з'яўляюцца грамадзяне Украіны, якія ў мінулым, 2018 годзе набылі 110 000 квадратных метраў жылля. Грамадзяне Германіі купілі 64 тысячы квадратных метраў, але ў іх выпадку гэта, пераважна, памяшканні для арэнды, а таксама офісныя памяшканні. Брытанцы купілі крыху больш за 20 тысяч квадратных метраў, а беларусы — каля 20 тысяч квадратных метраў польскай нерухомасці.

Хоць у абсалютнай колькасці беларусы і адстаюць ад украінцаў, немцаў і брытанцаў, варта памятаць, што насельніцтвы гэтых краін значна перавышаюць насельніцтва Беларусі, а жыхары Германіі і Брытаніі, да таго ж, значна багацейшыя за беларусаў. Такім чынам, у пераліку на душу насельніцтва атрымліваецца, што беларусы былі аднымі з галоўных пакупнікоў польскай нерухомасці сярод замежнікаў, толькі нязначна саступіўшы ўкраінцам, якія сталі як абсалютнымі, так і адноснымі лідарамі.

Калі ўлічыць, што ў буйных гарадах Польшчы, дзе замежнікі часцей за ўсё купляюць жыллё, сярэдняя цана 1 квадратнага метра складае каля 2 тысяч даляраў, беларусы ў 2018 годзе панакуплялі польскіх кватэр прыблізна на 40 мільёнаў даляраў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру