Жыхары Мінска кожны дзень аплачваюць банкаўскай картай каля 1000 паездак у трамваі. Такую інфармацыю сабраў БПС-Сбербанк падчас пілотнага праекта на мінскім маршруце №6, які курсіруе паміж Серабранкай і Зялёным Лугам. Банк ужо гатовы маштабаваць тэхналогію на ўвесь наземны транспарт у Мінску.

Попыт на аплату праезду карткай расце штомесяц з апярэджаннем прагнозных паказчыкаў праекта. Тэхналогію запусцілі ў канцы траўня, і з таго часу непасрэдна ў трамваі карткай і смартфонам былі аплачаныя 50 тысяч паездак. У ліпені актыўнасць пасажыраў вырасла на 8%.

«Тэхналогія аказалася вельмі папулярнай. І хоць мы яшчэ не завяршылі пілотны этап праекта, ужо ясна, што ён запатрабаваны пасажырамі. Кожны дзень расце колькасць тых, хто карыстаецца магчымасцю зручнай аплаты праезду ў трамваі. Сярод іх ёсць і замежнікі з карткамі, выпушчанымі за мяжой. Падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў мы зафіксавалі рост колькасці транзакцый па картках замежных банкаў амаль на 30%, — адзначыла выканаўчы дырэктар БПС-Сбербанка Марына Асіпоўская. — Сёння банк гатовы да поўнафарматнага пашырэння праекта на ўвесь наземны транспарт Мінска».

Бескантактавымі карткамі зараз можна разлічвацца ва ўсіх трамваях шостага маршруту. У будучыні тэхналогію плануецца маштабаваць на ўвесь наземны транспарт Мінска. Сэрвіс запрацуе не толькі ў астатніх маршрутах трамвая, але і ў аўтобусах і тралейбусах.

Сэрвіс з'яўляецца «адкрытым». Ён падтрымлівае карткі любога банка і «сябруе» з трыма аплатнымі сістэмамі: Visa, Mastercard і Белкарт-Maestro з бескантактавым інтэрфейсам. Таксама можна разлічвацца ў трамваі з дапамогай смартфона, бірулькі, гадзінніка і іншых прылад з падтрымкай тэхналогіі NFC.

Для аплаты трэба паднесці картку да валідатора, замацаванага на поручні, дачакацца гукавога сігналу і тэкставага паведамлення. Кошт праезду — 60 капеек, што аналагічна кошту папяровага талона. Вывучыць гісторыю паездак і расходаў можна ў асабістым кабінеце пасажыра на сайце сістэмы Paybycard. Там жа можна ўдакладніць статус банкаўскай карты і атрымаць электронны карт-рахунак.

Тэхналогія таксама паспяхова працуе ў мінскім метро і цягніках гарадскіх ліній Беларускай чыгункі. Агулам на ўсіх відах грамадскага транспарту толькі ў чэрвені банкаўскімі карткамі разлічыліся больш за 1,5 млн разоў. Пілотны праект на наземным транспарце БПС-Сбербанк рэалізуе разам з ГП «Мінсктранс» і IBA Group.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0