Галіна Чыгрынава ўжо больш за 20 гадоў узначальвае Камітэт салдацкіх маці. Некалі ў войску загінуў яе сын.

Маці такіх жа загінулых салдат яшчэ ў 1990-ыя аб'ядналіся, каб атрымаць ад дзяржавы дадатковую сацыяльную падтрымку. Арганізацыя хутка знайшла агульную мову з Міністэрствам абароны.

Нядзіва, што Галіна Чыгрынава рашуча падтрымала змены ў заканадаўстве аб прызыве. У эфіры дзяржаўнага тэлебачання яна заявіла, што служыць павінны ўсе. «Наша Ніва» ўдакладніла ў кіраўніцы Камітэта салдацкіх маці яе пазіцыю.

***

Адны служаць хлопцы, а іншыя — не. Чаму так? Незразумела. Я гаварыла ад не толькі свайго імя, але ад імя ўсіх хлопцаў, якія служаць.

Калі мы выязджаем у вайсковыя часці, то пытаемся, хто служыць па жаданні. І рук няма.

Па доўгу, па неабходнасці яны служаць. І яны задаюць пытанні: чаму мы служам, а іншыя — не. Чаму? І што яму адказаць?

Гэта ж сапраўды нядобра. Аднаго прызвалі, а іншы ўмудрыўся не служыць. Выходзіць сацыяльная несправядлівасць.

ВНУ адну скончыць, потым яшчэ адну… Вось яму і 27, так ён і сыходзіць ад службы. Хлопцы лічаць, што гэта несправядліва. Так яно і ёсць.

***

Канечне, вазочнік не павінен служыць, гэта ясна. А ўсе хлопцы, якія могуць, хай служаць паўтара года. Ніякай трагедыі не было б. Я не бачу трагедыі і ў тым, што раней было некалькі адтэрміновак па вучобе, а цяпер толькі адна. Ну калі такая неабходнасць у краіне, калі не хапае хлопцаў для службы, то трэба шукаць меры, якія чынам укамплектаваць. Армія ж мусіць быць баяздольнай і ўмець абараніць насельніцтва. Канечне, і прэзідэнт, і міністр абароны зацікаўленыя, каб армія была баяздольнай.

І знайшлі вельмі небалючую, вельмі лагодную меру. Усё, што робіць прэзідэнт, ён робіць правільна.

***

Адслужыць — і паступіць ён у магістратуру, калі гэта мэта яго жыцця. А, можа, і перадумае за гэты час.

***

Чалавек, які думае аб незалежнасці, павінен разумець, што гэты суверэнітэт неяк трэба забяспечваць. Вельмі правільная гэтая мера.

***

У 1990-я ў нас было па тысячу зваротаў у год, цяпер, можа, дзвесце. І калі скардзіліся на дзедаўшчыну, то цяпер на стан здароўя, чаму хворых прызываюць.

***

Калі чалавек без канцавін і цяжка хворы, то няма размовы. А калі лёгкае захворванне — то павінны быць умовы для іх службы.

Ці яны там шаўцамі будуць, ці ў шпіталі дапамагаць. Шмат рознай работы. Прызываць трэба ўсіх, толькі трэба разнастаіць форму службы, каб ім было цікава служыць.

***

Калісьці наш Камітэт салдацкіх маці выступаў за кантрактную армію, але аказалася, што кантрактная армія не забяспечвае абарону дзяржавы.

Я чытала ў газеце пару гадоў таму, што Швецыя заявіла НАТА, што кантрактнае войска не можа быць гарантам бяспекі. І многія дзяржавы пераходзяць на змяшаныя арміі, а мы прыйшлі да гэтага раней. Прызыў, канечне, мусіць быць.

***

Калі ты патрыёт, то адслужы ты гэтыя паўтара года. Хлопец, які прайшоў армію, які атрымаў адукацыю ў нашай краіне, — гэта і ёсць патрыёт. А не той, якія стараецца за мяжу з’ехаць.

Я лічу, што асноўнае ён павінен атрымаць дома, а калі ён хоча ў Кембрыдж, калі ласка, потым. Мы кажам аб патрыятызме, а не можам самае простае — сваю армію забяспечыць кадрамі!

***

Трэба павялічыць грашовае ўтрыманне салдатам, я казала пра гэта яшчэ на афіцэрскім зборы ў 1990-я. Каб не мама збірала яму грошы, а каб ён сам купіў сабе адзенне, а можа, нават пачаў адкладваць на кватэру. Гаварыла, каб быў льготны прыём у навучальныя ўстановы пасля арміі. Бачыце, дваццаць гадоў прайшло, і гэтыя меры ўкараняюцца ў жыццё. І грашовае ўтрыманне павысілі крыху, і дзяржслужачыя павінны прайсці армію.

***

Я цяпер бачу, што шматдзетныя маці не ўратуюць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне, ніяк мы не нашкрабем гэтыя 10 мільёнаў насельніцтва. І нам заўсёды будзе цяжка знаходзіць рэзервы для забяспячэння баяздольнасці арміі, але трэба шукаць.

***

Для мяне прыклад — гэта Ізраіль, які гэта мудры народ! Іх рассялілі па ўсім свеце, мовы ў іх не засталося, а яны ўсё ўзнавілі. І кожны там пачынае з сябе. І яны заснавалі такую армію, якая лічыцца самай моцнай у свеце.

***

Канечне, жанчынам у арміі служыць не трэба. Нам гэта неўласціва, ніколі славянкі не стаялі на полі боя, яны аплаквалі сваіх мужоў загінулых. Плач Яраслаўны той жа… — але яны не ваявалі.

***

Выпадак з Коржычам — гэта трагедыя, боль. Я моцна перажывала, ездзіла ў Печы. Але ўсе мы дапусцілі памылку. Пра такія выпадкі не трэба так шмат і так інтэнсіўна гаварыць. Я сама перажыла гэта [у спадарыні Чыгрынавай яшчэ ў савецкі час у войску загінуў сын — «НН»], гэта такі асабісты момант, хочацца нейкага адасаблення, успомніць усё, прааналізаваць. І гэты шум мяне б асабіста раздражняў.

Таму я лічу, што мы саслужылі нядобрую службу маці хлопца. Ёй жа яшчэ цяжэй было, што гэты шум паднялі.

***

Праблем у арміі шмат, ніхто не спрачаецца, але я бачу, як яны хвалююцца за жыццё кожнага вайскоўца. За кожнага ім даводзіцца адказваць.

***

У мяне загінуў сын у арміі, але я не магу сказаць, што арміі не павінна быць. Павінна, каб нам усім было добра і спакойна. Мой муж адслужыў пасля інстытута ў Печах, і старэйшы сын служыў.

***

На жаль, ёсць такія, хто не хоча служыць. Ёсць і такія, што жывуць у Беларусі, а глядзяць на Захад. Усякія ёсць.

***

Мы ў Камітэце салдацкіх маці лічым, што армію трэба ўмацоўваць, каб наша армія была найлепшай, каб салдатам было бяспечна, камфортна, цёпла, каб кармілі добра, каб адзенне было зменнае, каб лекі былі, каб бібліятэка абнаўлялася.

***

Я помню армію нашу ў 90-я і цяпер. Дык гэта ж яны чараўнікі! Ім трэба проста пакланіцца. Цяпер душа радуецца. Туалеты чысценькія, што ой-ёй-ёй, утульна, прыгожа, аформлена ўсё мастакамі. І сур’ёзных скаргаў стала нашмат меней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?