Найлепшыя шматсерыйныя стужкі, якія можна ўбачыць у апошнім месяцы. У нашым спісе будуць як прэм’еры, гэтак і серыялы, якія вяртаюцца ў эфір пасля перапынку.

«Паляўнічы на розум» (Mindhunter)

Псіхалагічны трылер, драма. ЗША, 2-і сезон

Уявіце, яшчэ ў пачатку 1970-х у нават не думалі вывучаць псіхалогію і паводзіны злачынцаў. Лічылася, што гэтае мазгапраўства ні да чаго добрага не прывядзе і гэта будзе пустым марнаваннем часу. Не існавала тэрміна «серыйны забойца».

Маладога агента ФБР Холдэна Форда (у яго ёсць рэальны правобраз) першага пачынае цікавіць пытанне, чаму чалавек ідзе на забойствы, на згвалтаванні, што гэтаму спрыяла ў дзяцінстве, у адносінах з бацькамі.

З гэтага і пачынаюцца падарожжы па ўсёй краіне з мэтай размоваў з самымі вядомымі злачынцамі таго часу. Вас абсалютна шакуюць падрабязныя аповеды. Адны маньякі падаюцца інтэлігентнымі і спакойнымі, іншыя — агрэсіўнымі і малаадукаванымі. Але ва ўсіх іх ёсць нешта такое, што іх аб’ядноўвае. І Холдэн хоча дакапацца да гэтага.

«Прапаведнік» (Preacher)

Чорны гумар, драма. ЗША, 4-ы сезон

Джэсі Кастэр — гэта не самы тыповы амерыканскі пастар. У яго даўні крызіс веры, прапаведніка не пакідаюць сумневы, ці ёсць Бог. Нядзельныя прамовы Кастэра цяжка назваць натхняльнымі. Прапаведніку больш падабаецца жлукціць віскі і бурбон, а таксама курыць цыгары. Джэсі нечакана пачынае сяброўства з сапраўдным вампірам.

І гэткі дэкаданс працягваецца да той пары, пакуль у яго не ўсяляецца плод кахання анёла і дэмана, так званы Генезіс. У адзін з дзён прапаведнік абяцае прывесці ў царкву сапраўднага Бога…

«Бляск» (GLOW)

Камедыйная драма. ЗША, 3-і сезон

Хочаце кіно пра моцных жанчын? Тады вам сюды. Прычым моцныя яны, вядома, не толькі фізічна, але сваім характарам, лёсам. У «Бляску» вы пабачыце самых стракатых персанажаў.

У цэнтры — аповед актрысы-няўдачніцы, якая ніяк не можа атрымаць значную ролю ў кіно, затое яна атрымлівае запрашэнне выступаць у жаночым рэслінгу. Калі хто не ведае, то гэта такая амерыканская забаўка, дзе злучаюцца спорт і шоу.

Чым яшчэ адметны фільм? Канечне, атмасферай Амерыкі 1980-х. Удала падабраныя дэкарацыі, касцюмы. Мабыць, у ЗША гэты фільм стаў папулярны і праз чыюсьці настальгію па маладосці.

«Тая, якая становіцца Богам у Цэнтральнай Фларыдзе» (On Becoming a God in Central Florida)

Камедыя. ЗША, 1-ы сезон

Памятаеце фінансавыя піраміды пачатку 90-х? Усялякія МММ і іншыя канторы. У Амерыцы таксама было нешта падобнае.

Крыстал Джыл працуе ў аквапарку за мінімальную аплату, у яе памёр муж, здаецца, жыццё ляціць пад адхон і ўжо нічога не здольна ўратаваць сітуацыю. Тым не менш Крыстал верыць у сваю «амерыканскую мару». Часам шляхам падману і шантажу яна ўпэўнена крочыць да вяршыні гэтай піраміды.

«Чаму жанчыны забіваюць» (Why Women Kill)

Камедыйная драма. ЗША, 1-ы сезон

Тры гісторыі, якія адбываюцца ў адным і тым жа доме, але ў розны час: 1960-я, 1980-я і 2019 год. Аб’ядноўвае іх тое, што жанчыны — хатняя гаспадыня, свецкая львіца і юрыст —сутыкаюцца са здрадай з боку мужа.

«Нявернасць усё яшчэ здольная нас уразіць да глыбіні душы», — кажа Марк Чэры (стваральнік гэтага серыяла і «Адчайных хатніх гаспадынь»). У гэтым серыяле таксама можна прасачыць эвалюцыю стаўлення грамадства да інстытуту сям’і.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?