26 ліпеня ў Выставачнай зале на вуліцы Савецкай у Брэсце адкрылася выстава плакатаў «Cześć Breść!», прысвечаных 1000-годдзю Брэста. Аўтары работ — маладыя дызайнеры — студэнты Акадэміі мастацтваў у Катавіцах (Польшча). Плакаты крэатыўныя — берасцейцы захопленыя. Толькі адзін з плакатаў выклікаў гарачую дыскусію ў сацыяльных сетках. З яго аўтаркай пагутарыў берасцейскі сайт natatnik.by.

Той самы плакат да 1000-годдзя Брэста.

Той самы плакат да 1000-годдзя Брэста.

Некаторыя выказаліся рэзка і негатыўна ў дачыненні да плаката і яго аўтаркі. Але ёсць і такія, хто ацэньвае такі падыход у мастацтве пазітыўна. Меркаванні берасцейцаў падзяліліся.

Берасцейскі сайт Natatnik высветліў у аўтаркі гэтага плаката Іаны Лядворух (Joanna Ledworuch), што яна думае пра сваю працу і такую рэакцыю на яе.

— Чаму ты ўзяла за аснову сваёй працы гэты помнік?

— Я не бывала ў Брэсце. Шмат гугліла і кансультавалася з выкладчыкамі. У пошуках натхнення натыкнулася на фота гэтага помніка. І вырашыла «ажывіць» яго. Грозны выраз твару абаронцы выглядае страшным. Я хацела адаптаваць яго да сённяшняга часу, у якім мы часта камунікуем з дапамогай сэлфі ў сацыяльных сетках.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

— Ты думала пра тое, што людзі ў Брэсце могуць успрыняць гэты плакат неадназначна?

— Я разумею, што, імаверна, для старэйшага пакалення гэта свайго роду прафанацыя. Аддаючы сваю працу, я дапускала, што яе могуць нават не выставіць у Брэсце. Што тычыцца інтэрпрэтацый, я лічу, што гэта індывідуальна, і не навязваю адзіна правільны пункт гледжання. Кожны мае права ўспрымаць як хоча.

Гэта помнік. Напэўна, кожны дзень каля яго збіраецца шмат турыстаў, якія робяць бессэнсоўныя сэлфі, не ўсведамляючы сэнсу гэтага помніка. Я разумею, што ён сімвалізуе. Пытанне ў тым, ці разумеюць іншыя?

Праходзяць гады, змяняюцца людзі, мяняецца іх менталітэт. Нішто не застаецца ранейшым. Гісторыя не заўсёды становіцца важная для маладых людзей. Гэты феномен забывання пра мінулае і яго значэння адбываецца ва ўсім свеце, у кожнай краіне.

— Ты хацела б пабываць у Берасці і ўбачыць гэты помнік?

— Можа, калі-небудзь.

* * *

На выставе прадстаўлена яшчэ адна праца аўтаркі. У ёй яна хацела паказаць, як пастаянныя змены ў нашай гісторыі зрабілі Брэст такім, якім ён ёсць цяпер.

Выстава будзе доўжыцца да 11 жніўня. 

Чытайце таксама: 
Брэст: што паглядзець у беларускім Карфагене ШМАТ ФОТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?