У асяродках мінскіх бізнэсоўцаў ужо пэўны час ходзяць размовы, што адна з некалі вядомых бізнэс-сем’яў прыдумала спосаб «легальна» браць грошы ў недзяржаўных структур і не аддаваць. Ахвяры, маўляў, ніяк не могуць вярнуць грошы праз юрыдычныя хітрыкі — сярод пацярпелых і банкі, і былыя работнікі, і бізнэс-партнёры.

Гаворка ідзе пра сям’ю Меркуляў — Святлану і Дзмітрыя, былых касметычных манапалістаў краіны. Адметна, што сярод кінутых перадусім называецца іх даўні кампаньён Аркадзь Ізраілевіч і ягоны сябар Уладлен Вяліцкі.

«Наша Ніва» разбіралася ў гэтай гісторыі.

Найперш трэба патлумачыць, хто такія Меркулі. Грамадства вельмі мала ведае пра непублічных бізнэсменаў, хаця іх абароты часам гіганцкія.

Дзмітрый Меркуль нарадзіўся ў Мінску, ягоныя бацькі з Пухавіцкага раёна. У 1987-м скончыў наргас і пайшоў у банкіры, змяніўшы некалькі месцаў працы: пачынаў яшчэ з «Будбанка» і дайшоў да намесніка старшыні праўлення «ПошукБанка». Але апошняя гісторыя скончылася крымінальнымі справамі: банк набраў грошай укладчыкаў без магчымасці іх вярнуць, узнікла нешта кшталту піраміды. Сам Меркуль пасля гэтай гісторыі больш не мог атрымаць акрэдытацыю Нацбанка, таму сышоў у бізнэс.

Дзмітрый Меркуль.

Сямейную справу ён развіваў разам з жонкай Святланай. Яна нарадзілася ў Тбілісі, але з бацькамі перабралася ў Мінск яшчэ дзіцём. Як і муж, скончыла наргас. Яе бізнэс пачынаўся з секцыі ў ГУМе, а поспех прыйшоў разам з уварваннем на беларускі рынак замежных брэндаў: у 1993-м яна першай здолела дамовіцца з французскім L'Oréal на пастаўку касметыкі ў Беларусь, стаўшы адзіным дыстрыб’ютарам на рынку.

Святлана Меркуль.

Прыбыткі былі каласальныя! У найлепшыя гады Меркулі атрымлівалі мільёны даляраў і не адмаўлялі сабе ў самых выкшталцоных жаданнях: ездзілі на сафары, здымалі VIP-ложу на адкрытым чэмпіянаце Францыі па тэнісе.

Сям’я Меркуляў шукала, куды дзяваць звышпрыбыткі. Так, каля $12 мільёнаў яны ўклалі ў лагістычны цэнтр у Калядзічах.

Яны выкуплялі санаторыі і гразелячэбніцы, заснавалі бізнэс па продажы касметыкі і люксавага адзення — вазілі нават «Брыёні», які потым з'яўляўся на плячах істэблішмента. Але ў Беларусі рынак для такога прадукту не надта спрыяльны, таму страты ў бізнэсе з адзеннем пакрываліся касметыкай.

Схема, па якой вёўся бізнэс, была тыповай для Беларусі, але «на тоненькага» — на падобным пагарэў, напрыклад, Аляксандр Мураўёў (адзін з былых уладальнікаў завода «Мотавела», прысуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці): большасць падкантрольных фірмаў не належалі Меркулям наўпрост, дырэктарамі і ўласнікамі там былі іншыя людзі, хаця непасрэдна кіравалі ўсім Меркулі.

Ej.by уключаў Святлану Меркуль у топ-25 самых паспяховых беларускіх бізнэс-вумен.

Датычныя да іх бізнэсу кажуць, што ў час, калі «камерцыя звініць», людзі могуць губляць адчуванне мяжы між сваімі і крэдытнымі грашыма.

А крэдытаў тых на пік работы набралася на $16 мільёнаў! І трэба такому адбыцца, што ўсё ляснулася, ды яшчэ і праз украінскі Майдан. Прынамсі так сітуацыю падаюць былыя работнікі фірмаў.

«Справа была так: Меркулі ж былі манапалістамі ў сферы паставак касметыкі L'Oréal. Спачатку працавалі з Францыяй, потым з расійскім дыстрыб’ютарам, потым з Украінай. Але праз Майдан і ўсе гэтыя хваляванні ўкраінскі офіс на час прыпыніў сваю работу, а потым і ўвогуле сышоў у месячны адпачынак, пастаўкі падвіслі. Святлана вырашыла вярнуцца да працы праз Маскву. Але сям’я не спрацавалася з начальствам расійскага дыстрыб’ютара, у выніку чаго манаполія была страчаная.

Расіяне адгрузілі нам прадукцыю, здаецца, на два мільёны даляраў, а потым сказалі «ўсё». Пазванілі ў «Мілу», «Еўрагандаль», «Востраў чысціні» і сказалі, што касметыку можна браць не ў Меркуляў, а наўпрост у Маскве.

І тую касметыку, што была, давялося прадаваць з дысконтам. Бізнэс патрабаваў вялізных абаротных сродкаў — і адзенне, і касметыка. Закуп адной калекцыі адзення, напрыклад, — гэта 300 тысяч еўра. Касметыка — мільёны», — расказаў «Нашай Ніве» адзін з менеджараў.

Па ягоных словах, калі стала ясна, што выхаду да кландайка няма, даўгі па крэдытах складалі каля $16 мільёнаў. І набіраліся новыя!

««Белгазпрамбанку» — каля $8 мільёнаў, «Беларускаму народнаму банку» — каля $600 тысяч, «Парытэтбанку» — больш за $800 тысяч, і іншым, і іншым… У тым ліку фірмам і проста людзям. Але шмат з кім удалося разлічыцца — лагістычны цэнтр забралі за $5 мільёнаў, «Белгазпрамбанк» забраў офіс. Разышлася ўся маёмасць, да якой можна было юрыдычна падкалупнуцца», — тлумачыць былы менеджар.

А далей пачалося самае цікавае. Крэдыторы не могуць вярнуць грошы праз юрыдычныя хітрыкі.

Гэта перадусім датычыць недзяржаўных банкаў. Аднак там, на жаль, не гатовыя публічна гаварыць пра сітуацыю, бо гэта для іх іміджава нявыгадна.

«Відавочна, калі банк не можа забраць свае грошы, то недзе ён пракалоўся», — такую фразу давялося пачуць ад аднаго з топ-менеджараў «Беларускага народнага банка».

Іншыя кажуць, што «не адзін тут так падымаўся — набраўшы грошай і абвесціўшы банкруцтва», і што «калі б нехта быў вінен дзяржаўнаму банку хоць невялікую сумму, ён бы не мог не аддаць, практыка рэагавання на такія ж сітуацыі ў прыватных банках абсалютна іншая».

З атрыманых «Нашай Нівай» дакументаў вынікае, што магчымы сыход ад абавязальніцтваў выглядае вельмі мудрагеліста: некалькі фірмаў з таксічнымі актывамі аб’ядноўваюцца, пасля чаго ў прадпрыемства ўводзіцца яшчэ адна ці дзве юрыдычныя асобы-заснавальнікі, але замежныя — украінскія. І пасля гэтага аб’яднанае прадпрыемства банкруціцца.

Навошта тут украінскія фірмы? Адказ выглядае відавочным — так цяжэй знайсці канцы і вызначыць ініцыятара банкруцтва.

Падаваць у суд на Меркуляў пры гэтым бессэнсоўна — можна толькі на юрыдычныя асобы, але што з таго, калі юрыдычна яны не з’яўляюцца бенефіцыярамі кантраляванай сеткі фірмаў? Заснавальнікі там — замежныя, а ў тых заснавальнікаў — іншыя заснавальнікі.

Такім чынам, выходзіць, можна легальна кінуць банк.

Уся тая маёмасць, якая належыць Меркулям афіцыйна, знаходзіцца або пад забаронай адчужэння (10.07.2017 № б/н прадпісанне Першамайскага аддзела прымусовага выканання), як участак Дзмітрыя Меркуля пад Мінскам, напрыклад, або ў закладзе банкаў, як маёмасць Святланы ў Ждановічах.

Цяпер пытанне: а пры чым тут скандальна вядомы Аркадзь Ізраілевіч?

Чытайце: 

Ізраілевіча вызвалілі з СІЗА КДБ

Ізраілевіч патузаўся ля рэстарана ў Курапатах з пратэстоўцамі: «Там людзі стаяць за грошы»

Аркадзь Ізраілевіч, архіўнае фота.

Аказваецца, ён, як і ягоны асноўны кампан’ён Уладлен Вяліцкі — даўнія сябры Меркуляў, яшчэ з 1990-х. Сяброўства было, здаецца, шчырым. З агульнымі пасядзелкамі і ўзаемадапамогай, але пайшло расколінай, калі выявілася, што Меркулі абкруцілі прыяцеляў на мільён еўра: пра гэта акурат і пляткараць у бізнэс-супольнасці. Як гэта было, «Наша Ніва» распытала самога Ізраілевіча (№102 у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнэсменаў Беларусі па версіі ej.by).

«Неяк яны звярнуліся да нас з просьбай дапамагчы грашыма на закупку касметыкі. Даць у абаротку, карацей, з умовай пасля падзяліць прыбытак. Гаворка вялася пра 500 тысяч еўра, — расказвае Ізраілевіч. — Мы далі. Чакаем, чакаем. Нічога няма. Спачатку адмазкі былі, што першасны прыбытак пайшоў на пакрыццё ўвознага ПДВ. Ладна, чакаем далей. Потым пачаліся сяброўскія фінты: «крызіс 2014 года, зразумейце сітуацыю». І тут жа — запрашэнні ў госці, шашлыкі. Было такое разуменне, што гэта свае, проста ў цяжкім становішчы. Ну але ж гаворкі не вялося пра тое, каб аддаваць пяць год!»

Але так выйшла, што гэтыя ж людзі ў выніку не толькі не аддалі той доўг, але і ўхітрыліся кінуць Ізраілевіча яшчэ раз, у 2015-м, і зноў на вялікую суму — 480 тысяч еўра.

«У іх быў нібыта ліквідны тавар, але не было грошай на закупку. Браць у мяне было ўжо няёмка, яны звярнуліся ў банк і папрасілі майго партнёра, Вяліцкага, каб нашая кампанія выступіла паручальнікам па крэдыце: «Пракруцім, аддамо і вам, і банку». Ну ён і падмахнуў, а цяпер разлічваецца з агульных грошай, бо той крэдыт Меркулі не вярнулі банку, і нам давялося аддаваць маёмасць, якая была ў закладзе!», — расказаў Ізраілевіч.

Ізраілевіч спрабаваў даказаць у судзе, што ў Меркуляў насамрэч ёсць актывы, якія можна забраць у залік крэдыту, але суд рэзюмаваў: «вы самі і спаганяйце, а ў межах дамовы давядзецца аддаць памяшканне». 

«Надзея на вяртанне сродкаў згасла, бо яны пачалі банкруціцца. Мы сустрэліся ў «Планеце», і кажам, што ўсё разумеем, але вось гэты крэдыт у банку — ну гэта канкрэтна ваш пракол. У адказ — «усё будзе». Але нічога няма», — наракае Ізраілевіч.

Надзеі вярнуць грошы, кажа ён, у яго невялікія. 

«Мы пісалі заявы і ў ДФР, і ў міліцыю, але нічога дабіцца немагчыма. Апошні адказ увогуле дабівае: «Мы не здолелі знайсці Меркуляў для таго, каб дапытаць па сутнасці праверкі, такім чынам, зрабіць высновы аб наяўнасці ў іх дзеяннях прыкмет складу злачынства немагчыма», — Ізраілевіч цытуе адказ з Першамайскага АБЭЗа.

Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што банкруцтвы — фармальныя.

«З таго, пра што мы ведаем, крама на вуліцы Камуністычнай. Яе прадалі летась у кастрычніку за $600 тысяч, і хоць бы што! Такое адчуванне, што дзяржава назірае за гэтай сітуацыяй і чакае, пакуль і мы таксама збанкрутуем», — кажа кінуты бізнэсмен.

Ізраілевіч з кампаньёнамі сцвярджаюць, што яны здагадваюцца, куды перацяклі грошы з прададзенай крамы: яна была зарэгістравана на фірму «Дольча Віта», тая перадала яе «Натура Віце», тая прадала краму і вярнула грошы «Дольча Віце», а «Дольча Віта» раскідала грошы на іншыя фірмы — не ўсачыць!

Фірма «Торэкс» таксама кантралюецца Меркулямі.

Далей бізнэсмены выводзяць тэорыю, што грошы перацяклі на рахункі брытанскіх кампаній Elmchase Limited і Fitzalan Asset Management Ltd., адкуль — на рахункі дзвюх фірмаў з кіпрскай рэгістрацыяй — афшораў, сярод якіх Bettenson Marketing Ltd.

Аб узаемным руху сродкаў па рахунках гэтых кампаній ім стала вядома ад крыніц з дэтэктыўных бюро Латвіі.

Праўда, усё ўпіраецца ў тое, што невядомы ўласнік афшора. Гэта ж не могуць высветліць і беларускія сілавікі.

Але робіцца гэта проста — дастаткова звярнуцца да публічнай базы Panama Papers. Гэта масіў дакументаў, злітых у інтэрнэт.

Па запыце кампаніі Bettenson Makreting Ltd. сістэма выдае ўласніка — «Ms. Svetlana Merkoul», а таксама ўсю дадатковую інфармацыю: ад даты рэгістрацыі і рэгіструючай кампаніі да ўпраўляючых.

Ці з’яўляецца такая схема спосабам сыходу ад падаткаў і невыканання абавязкаў? Напэўна, на гэта могуць адказаць кампетэнтныя органы.

Мы ж папрасілі пракаментаваць сітуацыю пракурорскага работніка, які выказаўся ананімна:

«Калі паслухаць банкі і гэтых людзей і ўявіць, што ўсё так і было, то некалькі крымінальных складаў тут праглядаецца. Пачынаючы ад махлярства і да наўмыснага невыканання дамоўных абавязкаў. Але гэта трэба даказаць. А для гэтага трэба, каб заварушыліся органы, а органы звычайна варушацца, калі ў гісторыі праглядаецца слова «дзяржава».

Справа ў тым, што ў сілавых структурах існуе такая негалосная думка: калі за грошы спрачаюцца камерцыйныя структуры, а ты туды лезеш, то існуе імавернасць, што ты ўступіўся за чыесьці грошы.

І такія прэцэдэнты ўжо былі, і нямала. Аператыўнік можа разважаць, што лепш яму туды ўвогуле не лезці, калі няма загаду разабрацца зверху. Гэта першае. А другое — практычнае пытанне. Каб даказаць намер у банкруцтвах і невыкананні абавязкаў, трэба прызначыць і правесці цэлы шэраг экспертыз, за шмат гадоў, з допытамі адказных асобаў за кожны перыяд. Гэта такі аб’ём работы, што мала хто па сваёй волі ў гэта будзе паглыбляцца, калі не пакрыўджаныя інтарэсы дзяржавы. Вось калі ёсць патэнцыйны сыход ад падаткаў, гэта ўжо цікавей, але з афшорамі ўсё не так проста, бо атрымаць інфармацыю з іншых краін вельмі праблематычна. Таму і атрымліваецца, што хаця дэкларуецца роўнасць усіх формаў уласнасці, на практыцы прыярытэт аддаецца толькі дзяржаўным крыўдам».

Сям’я Меркуляў адмовілася гаварыць з «Нашай Нівай».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру