Лідар гурта «Несчастный случай» Аляксей Кортнеў, які меў весці музычны фестываль «Шашлык live» адмовіўся «па этычных прычынах», паведамляе bbc.com.
Раней удзельнічаць у фестывалі адмовіліся гурты «Браво» і Tequilajazzz — адпаведныя заявы зрабілі іх лідары Яўгеній Хаўтан і Яўгеній Фёдараў.
Пра тое, што 3 і 4 жніўня адбудзецца музычны фестываль, маскоўская мэрыя паведаміла толькі 31 ліпеня. Прычым некаторыя выступоўцы былі пазначаныя ў якасці ўдзельнікаў без іх ведама.
3 жніўня ў Маскве маюць адбыцца чарговыя пратэсты супраць таго, што на выбары ў Маскоўскую гарадскую думу не пусцілі незалежных кандыдатаў. Папярэдняя акцыя 27 ліпеня скончылася масавымі затрыманнямі.
Сёння была затрыманая Любоў Собаль — апошняя з арганізатараў, якая яшчэ была на волі.
Акцыя 3 жніўня плануецца ў фармаце масавага шпацыру па вуліцах.





