Амаль 4 гадзіны супрацоўнікі віцебскага АМАП вялі перамовы з мужчынам, які збіраўся звесці рахункі з жыццём, паведаміла прэс-служба МУС.

Інфармацыя ў міліцыю паступіла сёння на спецлінію 102. Відавочцы паведамілі, што на 9-м паверсе ў доме на праспекце Люднікава ў аконным праёме балансуе мужчына.

Ён пагражаў здзейсніць суіцыд, маючы намер скокнуць уніз. Ён стаяў за акном на вузкім выступе, прыхінуўшыся спіной да сцяны. Гэта выключала магчымасць падысці да яго незаўважна.

Супрацоўнікі АМАПу пачалі гутарыць з ім, спрабуючы адгаварыць ад непапраўнага кроку. Перамовы занялі без малога чатыры гадзіны. За гэты час жыхар Віцебска распавёў ім пра сябе, пра тое, што выпадкова зайшоў у гэты пад'езд, але так і не назваў прычыну, што штурхнула яго на такі ўчынак.

Угаварыўшы 55-гадовага мужчыну спусціцца, амапаўцы перадалі яго медыкам. Ён быў цвярозы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0