Алесь Бяляцкі (справа) прыехаў у Берасце на крымінальны працэс блогера Сяргея Пятрухіна (злева).

«Учора ў Маскве затрымана больш за 800 чалавек, якія пратэставалі супраць парушэнняў з боку ўладаў пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ў маскоўскую думу. І тыдзень таму было тое самае, — напісаў у сябе ў фэйсбуку беларускі праваабаронца, шматразовы намінант на Нобелеўскую прэмію міру Алесь Бяляцкі. — Па заведзенай крымінальнай справе [супраць арганізатараў гэтага пратэсту] абвінавачваюцца сем чалавек і спіс яшчэ не зачынены. Самі незарэгістраваныя кандыдаты сядзяць на сутках. Дэмакратычная, думаючая частка грамадства ў Маскве цяпер у шоку», — піша Бяляцкі.

«Апошні раз мы перажывалі штосьці падобнае ў сакавіку 2017-га, а перад гэтым — у снежні 2010-га, — успамінае ён. — Добра памятаю гэтае пачуцце бяссілля пасьля такіх хапуноў. Але мы ніколі ў той час не апускалі рукі. Ніколі не было пачуцця, што ахвяры, якія прыносіць грамадства, — дарэмныя. Не было б іх — жылося б значна безнадзейней. Сёння — міжнародны дзень салідарнасці з беларускай грамадзянскай супольнасцю, — нагадвае Бяляцкі. — У самы час нашай супольнасці выказаць салідарнасць з ахвярамі пуцінскага сваволля».

«У нашым грамадстве няма ідалапаклонства, калі людзі бескрытычна вераць лідару, дзе б ён ні быў — на волі, у турме ці яшчэ дзе, — сказаў Бяляцкі ў інтэрв'ю Алесю Пілецкаму на Svaboda.org. — І я для сябе лічу, што гэта, у прынцыпе, нармальна. Мы, тыя, хто сядзеў, звычайныя людзі. Людзі з вялікімі заганамі. Але што характэрна — з тых, хто за гэтыя 25 гадоў сядзеў з палітычных прычын, ніхто не перакрэсліў таго, што было зроблена. Ніхто не стаў зьневажаць паплечнікаў, не здаў іх уладам», — падкрэсліў Бяляцкі.

«Лёс людзей па-рознаму складаецца ў турме, пасля турмы. Але сам па сабе чын трывання, цярпення, які адбываецца ў турме, грамадзянскія актывісты перажылі годна. І лідары, і шараговыя актывісты. У мяне гэта выклікае вялікую павагу, нягледзячы на тое, што нашы погляды часта моцна разыходзяцца. А тое, што німб героя пасля турмы робіцца менш яскравым альбо здымаецца, то гэта жыццё. Гэтыя гады, што грамадзянскія актывісты правялі ў турме, якія я адседзеў, яны не дарэмныя. Таму што мы складаем пэўныя ўзоры, скажам так, адданасці пэўным ідэям, служэння ім і цярпення за гэтыя ідэі. Чаго ў прынцыпе беларускаму грамадству не хапала. Бо яму патрэбныя ўзоры, аўтарытэты, біяграфіі, якія б паказвалі, што можна ісці наперад, не зважаючы на пакуты», — кажа Бяляцкі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру