Тысячы людзей не змаглі дабрацца да працы, адмененыя больш за 200 авіярэйсаў, піша радыё «Свабода».

Кэры Лам, кіраўніца адміністрацыі гораду, якая карыстаецца падтрымкай Пэкіну, у гутарцы з журналістамі заявіла, што пратэстоўцы штурхаюць горад на мяжу «надзвычай небясьпечнай сытуацыі».

Лам зноў адхіліла неаднаразовыя заклікі дэманстрантаў да яе адстаўкі і заявіла, што ўрад цьвёрда мае намер падтрымліваць правапарадак.

Яна таксама паведаміла, што ўрад ня выканае іншага ключавога патрабаваньня пратэстоўцаў — вызваліць арыштаваных падчас пратэстаў апошніх тыдняў.

Лам заявіла, што пратэсты выводзяць Ганконг на шлях, зь якога немагчыма зьвярнуць, і наносяць шкоду гарадзкой эканоміцы.

Паліцыянты ізноў ужылі сьлезацечны газ для разгону пратэстаў у Ганконгу

Увечары ў нядзелю ганконскія дэманстранты ў некалькіх месцах арганізавалі акцыі пратэсту, якія часам набывалі гвалтоўны характар. На дзявятым тыдні пратэстаў супраць спрэчнага законапраекту аб экстрадыцыі яны выкарыстоўвалі новую тактыку, каб пазьбегнуць сутычак са спэцназам і ўжываньня супраць іх сьлезацечнага газу.

Дзейнічаючы паводле ўжо знаёмай формулы, дзясяткі дэманстрантаў зьбіраліся ў адным месцы, будавалі барыкады і заставаліся да прыбыцьця спэцназу. Меншасьць заставалася і сутыкалася з выкарыстаньнем сьлезацечнага газу, але іншыя ўцякалі і на грамадзкім транспарце дабіраліся да новага месца.

Для Ганконгу, фінансавага цэнтру, які застаецца пад кантролем Пэкіну, гэта самы сур’ёзны палітычны крызіс з моманту яго перадачы Кітаю ў 1997 годзе. Крызіс пачаўся з выступаў супраць законапраекту (праца над ім ужо прыпыненая), які дапускаў экстрадыцыю падазраваных на мацерыковы Кітай для суду, але пасьля гэтага перарос у заклікі да пашырэньня дэмакратыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0