Даследчыкі з аўстралійскага Універсітэта Кертына адкрылі новы метад лячэння агрэсіўнай формы раку падстраўнікавай залозы, піша ТАСС. Паводле прэс-службы ВНУ, вынікі даследавання дапамогуць істотна прасунуцца ў лячэнні пацыентаў з устойлівай да хіміятэрапіі формай захворвання.

Мікрабіёлагам і анколагам універсітэта ўдалося выявіць спецыялізаваны бялок, які прысутнічае ў ракавых клетках адэнакарцыномы пратокаў падстраўнікавай залозы чалавека (PDAC) і наўпрост уплывае на рост пухліны. Падчас вывучэння гэтага бялку навукоўцы выявілі, што тэрапія мадыфікаванай версіяй супрацьзапаленчага прэпарата суліндак можа блакаваць бялок і спыняць рост новаўтварэнняў.

Вядучы аўтар даследавання, прафесар Марка Фаласка адзначыў, што цяпер існуе вельмі абмежаваная колькасць метадаў лячэння для людзей з агрэсіўным тыпам раку падстраўнікавай залозы і ўсе яны даюць не дужа значныя вынікі. «PDAC - вельмі агрэсіўнае захворванне, і, як правіла, пацыенты з такім дыягназам маюць не вельмі аптымістычны прагноз, бо сярэдні тэрмін жыцця пасля тэрапіі, у якую ўваходзіць хірургічнае ўмяшанне, як правіла, не перавышае пяці гадоў, што і робіць яго чацвёртай найбольш пашыранай прычынай смерці ад раку ў заходнім свеце», - сказаў прафесар Фаласка.

Падчас выпрабаванняў на мышах навукоўцы змаглі вызначыць, што блакаваньне бялку з дапамогай мадыфікаванага суліндака значна памяншае пашырэнне PDAC і запавольвае рост пухліны. Прафесар Фаласка растлумачыў, што атрыманыя вынікі патэнцыйна маюць каласальнае значэнне для лячэння раку падстраўнікавай залозы, бо бялок, які вывучаецца ў гэтым даследаванні, таксама выклікае рэзістэнтнасць да наяўных у цяперашні час хіміятэрапеўтычных прэпаратаў супраць раку.

«Вядома, наперадзе - новыя даследаванні і маштабныя клінічныя выпрабаванні на людзях, аднак ужо цяпер можна сказаць, што ў выпадку поспеху мы атрымаем новы прэпарат для лячэння раку падстраўнікавай залозы і тэрапію, якая істотна павялічыць працягласць жыцця пацыентаў з дыягназам PDAC», - адзначыў Фаласка.

Суліндак - лекавы сродак, нестэроідны супрацьзапаленчы прэпарат. Можа выкарыстоўвацца пры лячэнні вострых і хранічных запаленчых працэсаў. Суліндак з'яўляецца пралекамі, гэта значыць, у арганізме ён з дапамогай ферментаў печані ператвараецца ў актыўны метабаліт, што забяспечвае пастаянны ўзровень лекаў у крыві і зніжае страўнікава-кішачныя пабочныя эфекты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0