57 чалавек загінулі ад сьпёкі ў Японіі ад 29 ліпеня, паведамляе японскае выданьне Mainichi са спасылкай на заяву японскага ўраду. Колькасьць дастаўленых у бальніцы за тыдзень павялічылася больш чым утрая — да 18347 чалавек, піша радыё «Свабода».

З 18 347 чалавек, дастаўленых у шпіталі, 729 мелі цяжкія сымптомы, якія патрабуюць лекаваньня ў стацыянары больш за тры тыдні, 6548 чалавек мелі менш сур’ёзныя праблемы. 54,3 % ад агульнай колькасьці шпіталізаваных — людзі ва ўзросьце 65 год і старэйшыя.

У першай палове лета ў Японіі было халодна і дажджліва, а зь сярэдзіны ліпеня тэмпэратура пачала рэзка падвышацца. Цяпер слупкі тэрмомэтраў даходзяць да +39 градусаў.

У мінулым годзе праз анамальную сьпёку ў Японіі загінулі больш за 150 чалавек, дзясяткам тысяч спатрэбілася дапамога мэдыкаў.

Гэтым летам анамальная сьпёка закранула ня толькі Японію — тэмпэратурныя рэкорды былі пабітыя і ў шэрагу краінаў Эўропы.

У той час як у Беларусі апошнімі днямі, наадварот, было зафіксаванае рэзкае пахаладаньне: напрыклад, у Брагіне (Гомельская вобласьць) быў пабіты рэкорд холаду 75-гадовай даўніны — слупок тэрмомэтра ў ноч 5 жніўня апусьціўся да + 2,9°С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0