Мінчанка Ангеліна распавяла парталу abw.by пра свой вопыт карыстання каршэрынгавым сэрвісам Hello. Звычайная, на першы погляд, сітуацыя скончылася скандалам і пагрозай гіганцкага штрафу.
Па словах жанчыны, яна ўзяла шэрынгавае аўто. Выехаць з паркоўкі было складана, таму знаёмы, які быў з Ангелінай, прапанаваў дапамогу. У выніку ён сеў за стырно, выруліў з паркоўкі, далей кіравала Ангеліна.
Але кампанія вырашыла, што Ангеліна парушыла дамову і перадала аўто трэцяй асобе, што забаронена. Штраф — 10 базавых, гэту суму (255 рублёў) адразу паспрабавалі спісаць з карткі, але на рахунку не хапіла грошай. А пазней выпісаны штраф павялічыўся да 5200 рублёў — гэта больш за $2500!
Версія каршэрынгавай кампаніі наступная:
«Да нас звярнуўся адзін з кліентаў з просьбай праверыць акаўнт чалавека, які пачаў пасля яго арэнду аўтамабіля. Cправа ў тым, што малады чалавек, які знаходзіўся за стырном, стартаваў на ручніку. Падчас праверкі мы высветлілі, што акаўнт належыць дзяўчыне».
Кампанія дазванілася да Ангеліны, яна перадала слухаўку свайму сябру. Той пацвердзіў, што з паркоўкі выехаў ён.
Спачатку кампанія вырашыла пакараць Ангеліну штрафам 10 базавых. Ангеліна спачатку нібыта пагадзілася, але пазней яе маці зладзіла скандал і настойвала на судовым разбіральніцтве.
255 рублёў кампанія так і не атрымала. Тады Ангеліне накіравалі дасудовую прэтэнзію аб спагнанні няўстойкі, у памеры прадугледжаным дамовай, а менавіта 204 базавых (5200 рублёў).
Кампанія запэўнівае, што спрабавала мірна вырашыць сітуацыю, але цывілізаванага дыялогу з Ангелінай і яе маці так і не атрымалася.
Кропка ў гэтай гісторыі пакуль не пастаўленая. Пакуль што Ангеліна і каршэрынгавая кампанія так і не дамовіліся. Штраф жанчына таксама яшчэ не сплаціла: кажа, што такіх грошай проста не мае.





