Было гэта ў далёкім 1982 годзе. З таго часу Сяргей спраўна круціць баранку. Праўда, ужо не «Волгі», а новенькай іншамаркі. І перапынкі ў працы сённяшняга суразмоўцы «Нашай Нівы» здараліся, бо часам, прызнаецца наш герой, дарога і стырно «даставалі».

Сёння Сяргей Рассулін дзеліцца гісторыямі, якія здараліся з ім падчас працы. Ёсць у яго гісторыі і пра разборкі, і пра гарэлку ў рукаве, і пра Баярскага, і пра каханне, якое таксама здаралася з таксістам на працоўным месцы.

Першы кліент

Першага свайго кліента памятаю выдатна. Студэнт- афрыканец. Забраў я яго на вуліцы Чыгладзэ, а ён кажа: «Вязі мяне на КуйбішАва». Я адказваю, што такой вуліцы ў Мінску няма. А ён мне: «Пффф, і колькі ты ў таксі працуеш?» А мне сорамна прызнацца, што першы дзень, і што кліент ён у мяне першы. Але я сцяміў нарэшце, што гаворка ідзе пра вуліцу Куйбышава. Мінск я ведаю выдатна. У 1984 годзе стаў лепшым таксістам Мінска. Спаборніцтвы такія тады былі, там, акрамя, ведання ПДР і фігурнага кіравання, трэба было выдатна ведаць усе вуліцы Мінска, ведаць, як пад’ехаць да таго ці іншага будынка. І без вашых гэтых навігатараў.

Разборкі ў Чыжоўцы

Даводзілася займацца рукапрыкладствам. І не раз. Білі мяне, біў я. Гэтыя гісторыі амаль аднолькавыя. Падвозіў кліента, той не заплаціў.

Адна гісторыя, магчыма, першая, запомнілася, калі давялося выйсці з машыны. Двух хлопцаў вёз кудысьці ў Чыжоўку, здаецца. Наездзілі на 4,80 рубля, выйшлі і кажуць: «Абыдзешся без грошай». А я малады ж яшчэ быў. Выйшаў з машыны, яны мяне на капот павалілі, я адбіўся. Аднаго збіў з ног, моцна пабіў. 5 рублёў адабраў. Як лічыце, трэба такіх караць?

Аднак, здаралася, што не плацілі. Аднойчы я каля магазіна гадзіну чакаў кліента. Ён сказаў, што збегае на хвілінку ў краму і вернецца. І збег. А праз некалькі дзён прыязджаю на выклік. І з пад’езду выходзіць гэты мой кліент. На вакзал ехаў з жонкай. Яна выйшла з машыны першая, а я кажу: «Ну што ж ты так непрыгожа зрабіў?» Ён вярнуў і доўг, і зверху яшчэ 20 рублёў заплаціў.

Пажартаваў з жонкай намесніка міністра — атрымаў па шапцы

Памятаю быў выпадак, калі ў машыну селі дзве дамы. Ну відаць, што не простыя. З прычоскамі такія. І пачынаюць размаўляць. А бачна ж, што адна з іх з вёскі, але так стараецца быць гарадской. І гутарка такая ў яе, калгасная. І вось гэта дама кажа сваёй спадарожніцы:

— Прэдстаўляеш, на прыёме падалі рыбу, а прыбораў да яе не падалі. Кашмар!

— Дык што з таго, трэба было звычайным відэльцам есці, — адказвае другая.

— Ты што, для жонкі пачці міністра — гэта пазор, есці абы-якімі відэльцамі.

І давай разважаць, хто там як сябе павінен паводзіць з жонкай міністра. Я не вытрымаў, кажу:

— Дамы, вы не супраць, што я да вас спінай сяджу?

Адна пырснула са смеху, зразумела жарт, а гэта, міністэрша, аж пачырванела. Ну так і ёсць. Праз пару дзён прыходзіць скарга ў таксапарк, што я сябе непрыстойна паводзіў у прысутнасці жонкі намесніка міністра прамысловасці. Выклікалі на парткам, аб’явілі вымову, а пасля партарг сказаў: «А ты правільна зрабіў, што на месца такую паставіў, малайца!»

Пра Баярскага і Яроменку

Я гэта вось да чаго. Што кліенты розныя бываюць, і чым больш чалавек з сябе нічога не ўяўляе, тым больш нахабна ён сябе паводзіць. Зусім нядаўна вёз дзвюх дзяўчын у Серабранку. Там дом такі доўгі ёсць, пад’ездаў 18. Заехаў у двор, да пад’езда тых дзяўчат заставалася пад’езды тры. А ў двары грузавічок выгружае мэблю. Кажу дзяўчатам, што прыехалі. А яны мне: «Ідзіце і пагаварыце з імі, што нам трэба праехаць». Я думаў, яны жартуюць, а не, гляджу, не выходзяць, сядзяць ззаду і ядуць бульбу з МакДональдсу. Я кажу, што нікуды не пайду. І яны мне таксама, мы не выйдзем, мы на абцасах.

Далібог, давялося выйсці з машыны і ледзьве не за руку выцягнуць іх з салону.

А вось неяк падвозіў Баярскага з аэрапорта на «Беларусьфільм». Дык так душэўна пагутарылі. Ён, як заўсёды, у капелюшы, сеў на пярэдняе крэсла і пытаецца: «Ну, шэф, як справы?» Даехалі, пабалбаталі. Лію Ахеджакаву вазіў, Мікалая Яроменку-старэйшага на лецішча падвозіў. Цудоўна паразмаўлялі, ён пра сына свайго расказваў, пра тое, што ён у кіно здымаецца. Генадзя Гарбука вёз. Гарачыня была, а ён у пінжаку. Пытаюся ў яго, чаму так. А ён адказвае, што ў пінжаку кішэняў шмат. А яму няма куды дзець пашпарт, кашалёк.

Падвозіў Аляксандра Пракапенку, легендарнага футбаліста, якога ўсе называлі «Пракопам». Ён выпіць любіў, але забіваў геніяльна. Неяк вёз яго ад гасцініцы, што была каля стадыёна на Маякоўскага. А ў яго ў руках бутэлька.

Я тады яму сказаў: «Пракоп, ты каб не піў, гуляў бы як Пеле». На што ён мне адказаў: «Ці гуляў бы Пеле як я, калі б столькі ж піў?».

Пра каханне з далёкай Кубы

Памятаю, як першы раз закахаўся ў пасажырку. Звалі яе Кэтрын, прыгожая мулатка з блакітнымі вачыма. Прыехала ў Мінск у госці да брата, які тут вучыўся. Вёз я яе на Славінскага. Спадабалася яна мне вельмі. А яна ні па-руску, ні па-англійску не размаўляе. Нешта расказвае па-іспанску. Я яе нейкімі знакамі, малюнкамі прашу аб спатканні пад помнікам Якубу Коласу назаўтра. Яна мне: «Сі-сі». І збегла. Я на наступны дзень думаю, а што мне губляць, пайду на сустрэчу. І ведаеце, яна прыйшла! Ох, яна тады мяне многаму навучыла на кватэры маіх бацькоў. Фантастыка! А пасля яна назаўсёды з’ехала дадому. Так я яе больш і не бачыў, але запомніў на ўсё жыццё.

Пра вёску, якой не існуе

Розныя гісторыі здараліся з дзяўчатамі і прыгоды розныя. А была адна гісторыя, калі мне давялося касіць пад дурня, каб не займацца сэксам з пасажыркай. Справа была так. Дзве гадзіны ночы, вуліца Каліноўскага. Садзіцца ў машыну жанчына. І кажа: «Мне ў раён Курасоўшчыны, там вёска ёсць за ёй». Я кажу, што там толькі Сеніца і палі калгасныя. А яна настойвае, не, я вам усё пакажу. Села побач. Нага за нагу, сцягно агаліла, і такая: «Малады чалавек»…. А я ажаніўся нядаўна. Мне нецікава ўсё гэта было.

Прыехалі на месца, а там, сапраўды, ніякай вёскі няма, толькі поле пшаніцы. Пытаюся: «Ну дзе ваша вёска»? А яна мне: «Вось тут у пшаніцу павярніце». Я павярнуў, вёскі, вядома, няма. А яна мне: «Ой, а давайце спынімся і пашукаем». А я ні ў якую. Ну яна раззлавалася і загадала ехаць зноў на Каліноўскага. Злая была, што дарма патраціла амаль 20 рублёў.

Пра заробкі і халтуры

У таксі ў 1980-1990-я працавалі людзі, якім трэба было плаціць аліменты. Бо заробак афіцыйны адзін, а сабе можна было адшчыпнуць тое-сёе.

Чаявыя шчодрыя раней пакідалі, ніхто не лічыў капейкі. Праедзе чалавек на 8 рублёў, кідае чырвонец. І рэшту не бярэ. Цяпер жа ўсе нават 10 капеек рэшты чакаюць. Калі нелегальна, то лічыльнікі падкручвалі. Можна было зарабіць, калі таксі абслугоўвалі вяселлі. Так, раней было і такое. Тыя, хто замаўлялі машыны на вяселлі, аплачвалі 3-4 гадзіны. А за гэты час можна было паспець і папрацаваць, а грошы сабе ў кішэню пакласці. Ці пошта. Раней на пошце сваіх машын не было, яны выпісвалі таксі. Наша задача была развесці газеты па раёне, пакласці іх у скрыню, і тады ўжо паштальён разносіў па кватэрах. Тое самае было: развязеш хуценька, а час, за які заплацілі, застаецца, вось і халтурыш. Раней можна было па дарозе пасажыра падабраць. Едзеш ты на выклік з пасажырам, а тут галасуе нехта. Падвозіш і яго. З першага пасажыра два рублі ў касу, з другога — сабе. Аднойчы падмануў пасажырку. Яна разлічылася безнаяўна, а я не паглядзеў, прывёз і патрабаваў грошы. Яна не спрачалася, заплаціла. А мне так сорамна. А пазваніць не магу, бо выклік ужо закрыты. Я і ў навагоднюю ноч важу людзей па лічыльніку. З мяне калегі смяюцца. А я не магу браць грошы з людзей. Падманваць дрэнна, калі ты падманваеш не дзяржаву.

Шэф, два лічыльнікі

Аднойчы было такое, калі да мяне ў машыну ўскочыў чалавек і крыкнуў: «Едзем за цягніком Масква-Брэст, дагоніш, плачу любыя грошы!» Я ўзрадаваўся, думаў, што са мной здарылася нейкая дэтэктыўная гісторыя. А не, аказалася, што чалавек выйшаў з цягніка ў Мінску, а барсетку з грашыма пакінуў у цягніку. А на цягнік спазніўся. Дагналі мы той цягнік толькі ў Баранавічах. Але мужык не падмануў, заплаціў 100 рублёў.

Пра джынсы

Неяк на вакзале я забіраў мужчыну. А за ім насільшчык з трыма вялізнымі сумкамі. Падышлі да машыны, насільшчык кажа, што з вас тры рублі за сумкі. А той мужчына кажа: «Няма ў мяне грошай, вазьмі джынсамі». Адкрывае сумку і дае яму джынсы. А каб вы ведалі, джынсы тады каштавалі 100 рублёў. Я кажу яму, маўляў, я размяняю вам грошы, што ж вы так дорага расплачвайцеся. А ён мне: «Не с..ы, табе таксама будуць джынсы». Прывёз яго на месца. А ён мне дзве пары джынсаў дае. А я падумаў, што трэба ж жонцы сваёй падарунак зрабіць. Пытаюся, можа замест штаноў ёсць джынсавыя спадніцы. А ён і джынсы падарыў, і спадніцу. Так за адзін выклік я зарабіў 300 рублёў.

Пра гарэлку ў рукаве

Ну гэта было. Але няпраўда, што гарэлку вазілі ў багажніку. Баяліся, бо таксі правяралі, часта даішнікі спынялі. Таму вазілі на сабе. Пад кашуляй, у рукаве. Распіхаеш па сабе 3-4 бутэлькі і ездзіш. А яна нагрэецца… Але плацілі і па 10, і па 25 рублёў за бутэльку. Зараблялі і так.

Пра дзень сённяшні

З жонкай я таксама пазнаёміўся, дзякуючы таксі. Яна ў таксапарку працавала медсястрой, правярала кіроўцаў перад рэйсамі. Яна на мяне вока паклала. Стала заігрываць. Ажаніўся. Жонка паступіла ва ўніверсітэт. А я падумаў, я што буду ідыётам перад жонкай. Паступіў у БДУ на гістфак. Цяпер пенсіянер, думаў пайсці ў школу працаваць. А пасля ўзважыў усё. І падумаў: а нашто мне гэта трэба? За стырном больш спакойна, нікому нічога не павінен. Я сыходзіў з таксі, працаваў кіроўцам грузавіка, ганяў машыны з-за мяжы, сем гадоў быў начальнікам транспартнага цэху ў Нацбанку. Цяпер зноў у таксі. Падабаецца мне. І кліентаў я люблю, нават моладзі дазваляю свае флэшкі падлучаць, каб ехаць пад музыку, якая падабаецца майму пасажыру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?