Урад Польшчы не ў стане справіцца з колькасцю працоўных мігрантаў, якія прыбываюць у краіну. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным у сераду дакладзе Вярхоўнай кантрольнай палаты (ВКП) рэспублікі.

Час легалізацыі іх знаходжання за чатыры гады павялічыўся больш чым у тры разы — ад 64 да 206 дзён, пазначана ў справаздачы. 

Фундаментальнай праблемай назвалі адсутнасць стратэгічнага дакумента, які вызначае дзяржаўную палітыку ў галіне міграцыі. Палата рэкамендуе ўраду ў тэрміновым парадку заняцца яго распрацоўкай, адначасова забяспечыўшы больш эфектыўнае абслугоўванне замежнікаў, якія жадаюць легалізаваць сваё знаходжанне ў Польшчы. У адваротным выпадку «нецярплівыя замежнікі, якія запаўняюць дэфіцыт на рынку працы, пакінуць Польшчу».

Як лічаць у ВКП, імігранты могуць дапамагчы ў вырашэнні праблем польскага рынку працы, «паколькі нізкі прырост насельніцтва, старэнне грамадства, а таксама значная колькасць палякаў, якія знаходзяцца за мяжой, прыводзяць да недахопу працоўнай сілы».

«Спецыялісты рынку працы адзначаюць, што у 2030 годзе ў працадаўцаў паўстануць праблемы з запаўненнем кожнай пятай пасады. Прыблізна 16 млн чалавек будуць працаваць за 20 млн, — адзначаюць эксперты. — Да 2050 года, каб захаваць бягучы ўзровень занятасці ў польскай эканоміцы, каля 8% работнікаў павінны быць іншаземцамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0