Шэсць пацярпелых падчас выбуху і пажару на ваенным палігоне ў Архангельскай вобласці атрымалі сур'ёзныя дозы радыяцыі і дастаўленыя ў Маскву самалётамі санітарнай авіяцыі, сцвярджае Telegram-канал Baza, не разгалошваючы крыніцу інфармацыі.

Паводле яго звестак, усіх шасцёх вязуць у федэральны медыцынскі біяфізічныя цэнтр імя Бурназяна, які з'яўляецца флагманскай установай расійскай аховы здароўя ў галіне біяфізікі, радыяцыйнай і ядзернай медыцыны. Канал таксама назваў іх імёны: Ігар Бярэзін, Сяргей Плаксін, Аляксей Перапёлкін, Дзмітрый Абалін, Аляксандр Манюсін і Сяргей Грышын.

Акрамя гэтага Baza, спасылаючыся на некалькі крыніц у Мінабароны Расіі, паведамляе, што ўсю вопратку пацярпелых спалілі адразу пасля шпіталізацыі. Аналагічна зрабілі і з касцюмамі хімічнай абароны і адзеннем лекараў, якія першымі аказвалі дапамогу параненым.

Пра тое, што лекары, якія працавалі з пацярпелымі ў выніку выбуху на палігоне, былі апранутыя ў касцюмы хімабароны, паведамляў Telegram-канал Mash, які 8 жнiўня апублікаваў некалькі фота: медыкі ў адпаведным рыштунку побач з верталётам і рэанімабіль з нумарнымі знакамі Архангельскай вобласці.

Мінабароны РФ не каментавала гэтую інфармацыю, але адзначыла ў сваім прэс-рэлізе, што «ніякіх выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу не было, радыяцыйны фон у норме».

Разам з тым улады Северадзвінска, паблізу якога адбылося надзвычайнае здарэнне, паведамлялі аб трохразовым перавышэнні дапушчальнай нормы радыяцыйнага фону на працягу паўгадзіны пасля выбуху. У аддзеле грамадзянскай абароны адміністрацыі горада заявілі, што гэта не несла небяспекі для гараджан і што неўзабаве ўзровень радыяцыі рэзка знізіўся, вярнуўшыся ў межы нормы.

На фоне гэтых паведамленняў вайсковыя эксперты з ЗША, спасылаючыся на спадарожнікавыя здымкі раёна выбуху ў Дзвінскім заліве Белага мора, заўважылі там транспартны танкер «Серабранка», прызначаны для збору і захоўвання радыеактыўных адходаў. Зрэшты, з адкрытых крыніц вядома, што дадзенае судна рэгулярна ўдзельнічае ў мерапрыемствах па транспарціроўцы адпрацаванага ядзернага паліва і матэрыялаў, перш за ўсё ўтылізаваных атамных падводных лодак, а таксама абслугоўвае атамныя ледаколы ў паўночна-заходняй часткі Расіі.

Выбух і пажар на палігоне ў Архангельскай вобласці адбыліся днём 8 жніўня. Гэта здарылася падчас выпрабавання вадкаснага рэактыўнага рухавіка. Загінулі два спецыялісты Мінабароны РФ, яшчэ шэсць супрацоўнікаў ведамства і неназванага прадпрыемства-распрацоўшчыка пацярпелі. У Мінабароны не раскрывалі дэталі, але ўлады рэгіёну заяўлялі, што здарэнне адбылося каля вёскі Нёнакса — там размешчаны 45-ы дзяржаўны цэнтральны марскі выпрабавальны палігон ВМФ Расіі, дзе выпрабоўваецца практычна ўсё найноўшае ракетнае ўзбраенне, у тым ліку ракеты стратэгічнага прызначэння.

Паводле інфармацыі крыніц lenta.ru, здарэнне можа быць звязана з выпрабаваннямі мабільнай пускавой устаноўкі для гіпергукавай ракеты «Цыркон»; «Камерсант», спасылаючыся на аднаго з ваенных маракоў, пісаў, што выбух мог адбыцца ў выніку разбурэння ракеты і злучэння паліва з акісляльнікам, якое адбылося пасля.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру