Афіцыйная газета Барысаўскага райвыканкама «Адзінства» ўзяла інтэрв’ю ў трэнера па кросфіце Віктара Захар’ева. Гэта першы ў краіне трэнер па фітнэсе ў інвалідным вазку.
фота «Адзінства».
На гутарку Віктар прыйшоў у світшоце з Пагоняй. Аднак у выніковым матэрыяле сімвала не стала, застаўся толькі надпіс Belarus.
Галоўная рэдактарка «Адзінства» — Вера Пратасевіч.
Рэдактарка барысаўскай раёнкі Вера Пратасевіч у 2011 годзе была прызнана Чалавекам года Міншчыны.
Пратасевіч запэўнівае, што не ведала пра сітуацыю. А рашэнне пра замазванне «Пагоні», маўляў, прымала аўтарка матэрыяла Кацярына Вараб’ёва.
Сама журналістка не захацела тлумачыць прычыну такога дзеяння. «Не разумею, чаму гэта так хвалюе вас», — адказала яна.
Кацярына Вараб'ёва, фота vk.com
«Я ніякая не апазіцыя, мне проста падабаецца гэты сімвал, гэты надпіс «Беларусь». Я не баюся насіць гэтую байку. Пра тое, што будзе фоташоп, мяне папярэдзілі, я не быў супраць. Не ведаю, чаму так адбываецца. Хаця ў галаве добра разумею», — расказаў Віктар Захар’еў.
«Пагоня» — сімвал, занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, яна выяўлена на гербах многіх гарадоў Беларусі. Таксама «Пагоня» была дзяржаўным гербам Беларусі ў 1991 — 1995.





