Польшча да гэтага часу не атрымала адпаведнай кампенсацыі за шкоду ў гады нацысцкай акупацыі, заявіў прэм'ер-міністр краіны Матэуш Маравецкі. Ён не ўдакладніў, якую менавіта суму Варшава хоча атрымаць ад Нямеччыны, піша DW.

Варшава не лічыць закрытым пытанне аб атрыманні ад Нямеччыны фінансавай кампенсацыі за напад на Польшчу ў 1939 годзе і акупацыю краіны.

«Польшча дагэтуль не атрымала ад Нямеччыны суразмернай кампенсацыі за злачынствы Другой сусветнай вайны», — заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі.

Па словах Маравецкага, Польшча страціла ў гады вайны 6 млн чалавек — значна больш, чым дзяржавы, якія атрымалі ад Нямеччыны буйныя рэпарацыі.

«Гэта несправядліва. Так справу пакідаць нельга», — падкрэсліў польскі прэм'ер.

Матэуш Маравецкі не стаў называць суму, якую Польшча мае намер запатрабаваць ад Нямеччыны.

Маравецкі адхіліў довад, што Варшава ў 1953 годзе падпісала дагавор аб адмове ад рэпарацый. «Гэта была дамова паміж Польшчай і ГДР, якую мы не прызнаем. Абедзве дзяржавы ў той час былі часткай савецкага блока», — растлумачыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0