Брэсцкі аблвыканкам запатрабаваў ад ТАА «АйПаўэр» вярнуць узятыя ў інавацыйным фондзе сродкі на будаўніцтва акумулятарнага завода. Пра гэта паведаміў сёння журналістам старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс падчас прэс-канферэнцыі, перадае БелТА.

Анатоль Ліс. Фота: БелТА.

Анатоль Ліс. Фота: БелТА.

Згодна з умовамі дагавора, складзенага з «АйПаўэр» на вылучэнне сродкаў інавацыйнага фонду Брэсцкага аблвыканкама па рэалізацыі і фінансаванні праекта, прадпрыемства павінна было ажыццявіць увод у эксплуатацыю акумулятарнага завода да 31 ліпеня 2019 года. У адваротным выпадку сродкі, выкарыстаныя арганізацыяй, яна павінна вярнуць.

«2 жніўня аблвыканкам зрабіў запыт аб ходзе завяршэння рэалізацыі праекта. Паколькі кампанія не выканала свае абавязацельствы па дагаворы (праект не быў рэалізаваны своечасова), аблвыканкам адмовіўся ад выканання сваіх абавязацельстваў, 14 жніўня апавясціў «АйПаўэр» аб спыненні дагавора і запатрабаваў вярнуць сродкі ў інавацыйны фонд у добраахвотным парадку на працягу месяца з даты апавяшчэння», — сказаў Анатоль Ліс.

«Завод з парушэннем экалагічных, іншых норм, якія існуюць у Беларусі, уведзены не будзе. Тут іншага быць не можа. Такая пазіцыя агульная, яна выпрацавана», — падкрэсліў губернатар.

Распараджэннем старшыні Брэсцкага аблвыканкама ад 14 чэрвеня будаўніцтва акумулятарнага завода ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» было прыпынена да ліквідацыі недахопаў.

Для атрымання заключэння экалагічнай экспертызы прадпрыемству неабходна было дадаткова пацвердзіць праектныя паказчыкі. Аднак нарматывы паказалі перавышэнне, таму ў выдачы заключэння заводу было адмоўлена. Кампанія некалькі разоў падавала дакументы для праходжання экалагічнай экспертызы, вынікаў апошняй пакуль што няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0