П'яны пасажыр напаў на таксіста на трасе Мінск — Дзяржынск. Нецвярозы кліент пачаў скандаліць, а потым некалькі разоў ударыў кіроўцу па галаве ручкай пнеўматычнага пісталета, паведамляе міліцыя.

Кіроўца таксі, 19-гадовы мінчук, звярнуўся ў міліцыю. Малады чалавек распавёў, што, прыехаўшы ноччу на выклік у адзін з клубаў, узяў на борт падвыпіўшага кліента. На трасе Мінск — Дзяржынск п'яны пасажыр пачаў канфліктаваць, сказаўшы, што яму не падабаецца маршрут, дастаў пнеўматычную зброю і тройчы ўдарыў кіроўцу па галаве ручкай пісталета.

Мужчына, што нападаў, паспеў схавацца, аднак яго ўдалося адшукаць па гарачых слядах.

Фігурантам крымінальнай справы, заведзенай па ч.3 арт.339 (хуліганства) КК, стаў 33-гадовы беспрацоўны жыхар вёскі Прылукі. Яму цяпер пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0