У дзяжурную частку Брэсцкага РАУС паступіў званок ад берасцейца, які расказаў пра знаходку гранаты, паведамляе абласная міліцыя.
Як растлумачыў мужчына, гранату ён забраў у хлопчыкаў, якіх падвозіў у Брэст. Па дарозе хлопцы распавялі кіроўцу, што падчас лоўлі ракаў на возеры Меднае адзін з іх наткнуўся на металічны прадмет і вырашыў яго дастаць з вады. У руках дзіцяці апынулася граната часоў вайны, паверхня якой была пакрыта ржой.
Знойдзены «сувенір» разам з уловам ракаў хлопчыкі вырашылі забраць дадому.
Як толькі мужчына даведаўся ад дзяцей, што ў яго ў салоне аўтамабіля знаходзіцца граната, спыніў машыну, забраў небяспечную знаходку і аднёс яе ў лес на бяспечную адлегласць, а потым паведаміў у міліцыю.
Граната знішчана сапёрна-піратэхнічнай групай в/ч 5526.





