Суддзя штата Аклахома абавязаў адну з найбуйнейшых фармацэўтычных кампаній свету Johnson & Johnson выплаціць 572 млн даляраў для ліквідацыі наступстваў апіёіднага крызісу ў штаце, да стварэння якога, на думку суддзі, спрычынілася кампанія, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Reuters.

26 жніўня суддзя прызнаў фірму вінаватай у прымяншэнні небяспекі яе апіёідных супрацьболевых прэпаратаў, якія могуць выклікаць залежнасць, што прывяло да некантраляванага росту іх спажывання і смерці тысяч людзей. На судзе генеральны пракурор Аклахомы Майк Гантэр заявіў, што перадазаванне апіёідамі забіла 4653 чалавек у штаце Аклахома з 2007 па 2017 год.

Штраф значна меншы за 17 мільярдаў даляраў, якіх патрабавалі ўлады штата ў судовым пазове, але ён павышае шанцы іншых пазоўнікаў ва ўсёй краіне, якія выставілі больш за 1500 аналагічных пазоваў да Johnson & Johnson.

Адвакаты Johnson & Johnson адпрэчваюць адказнасьць кампаніі за рэзкі рост спажываньня апіёідаў і павінны абскарджваць рашэнне ў вярхоўным судзе штата.

Перад пачаткам судовага разбору штат Аклахома таксама заключыў дамовы з двума іншымі буйнымі вытворцамі апіёідных лекаў, якія пагадзіліся заплаціць штраф без судовага разбору: кампанія Purdue Pharma пагадзілася заплаціць 270 мільёнаў даляраў кампенсацыі, ізраільская кампанія Teva Pharmaceutical — 85 мільёнаў даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0