«Я доўга думаў, пра што ж мы з вамі будзем размаўляць, — сказаў Леанід Міхайлавіч і працягнуў мне паперку, на якой акуратным почыркам былі выведзены штук дваццаць пытанняў, у асноўным пра палітыку, гісторыю, Саюзную дзяржаву і гэтак далей. — Пажадана, каб размова пайшла ў такім рэчышчы…».

У мяне былі і свае пытанні, якія я рыхтавала да інтэрв’ю, але яны не спатрэбіліся ўвогуле!

Доктар гістарычных навук Леанід Лыч пачаў паказваць свае фотаздымкі, і размова неяк сама сабой пайшла выключна пра каханне, страты і пачуцці. Як праляцелі тры гадзіны, я нават і не заўважыла.

Апошні шлюб

— Вось глядзіце: я — курсант Мінскай афіцэрскай школы Міністэрства ўнутраных спраў СССР.

— Прыгожы! Відаць, дзяўчыны да вас заляцаліся…

— Усяк было. А тут ужо афіцэр.

— Ален Дэлон проста! Не шкадуеце, што так і не зрабілі міліцэйскую кар’еру? Можа, цяпер генералам былі б!

— Не шкадую, бо не люблю камандаваць.

А вось на здымку мая другая жонка, Еўфрасіння, сібірачка, мы разам пражылі 54 гады.

— Колькі разоў вы былі жанаты?

— Тройчы. Але пра сваю цяперашнюю жонку я не буду гаварыць, сямейная тайна. Яна на 25 гадоў маладзейшая за мяне і крыху хваравіта ўспрымае, калі я пра яе распавядаю. Наш шлюб — гэта тайна. І я ніколі не бяру на сябе ініцыятыву распавядаць пра нашы адносіны, хаця яны і надзвычай цёплыя.

— Ведаю, што вы нават з сябрамі раіліся, ці варта жаніцца пасля 80 гадоў…

— Як прыстойны мужчына, я пайшоў на заключэнне шлюбу. Мне хацелася, каб мая жонка мела ўсе правы на маю спадчыну. І я ёй сказаў: усё, чым я валодаю, — тваё.

Калі людзі ў грамадзянскім шлюбе жывуць — гэта зусім не тое. І каб на працы пальцам не паказвалі, і каб не было лішніх размоў, з кім жыве, і каб дзеці былі спакойныя… Мы аформілі шлюб. Я лічу, што гэта правільна, прыстойна.

— Матэрыяльныя справы — гэта адно. А каханне? Не з-за кватэры ж яна з вамі разам!

— Каханне — не галоўнае. А вось павага з яе боку да мяне ёсць, прычым у самай вялікай ступені. Жонка — беларускамоўная, і мова ў яе найчысцейшая! Людміле радасна са мной жыць, ёй падабаецца, чым я займаюся. Цяпер яна на возера пайшла разам за сваёй унучкай.

— Яна мае дзяцей ад першага шлюбу?

— Так, дваіх сыноў. Аднаму гадоў пад сорак, ён пакуль не жанаты, а другі, маладзейшы, мае дваіх дзетак. І яна дапамагае яго сям’і.

Мы разам з Людмілай жывём ужо восем гадоў. Дзеці яе да мяне таксама вельмі прыхільна ставяцца. І ўнукі. Яны, дарэчы, вельмі добра ўхопліваюць беларускія словы, у іх наогул закладзена нейкая трывалая беларуская аснова. Аднойчы жончынаму трохгадоваму ўнуку сказаў: «Дзе ж ты так запэцкаў шкарпэткі?» Дык ён адразу ўхапіўся за гэтае слова і дагэтуль яго ўжывае.

Я цалкам задаволены сваім жыццём. Вельмі шаную аўтарытэт сваёй жонкі. Хаця пры гэтым у нас можа ўзнікаць і штосьці складанае ў адносінах. Аднак, відаць, пра гэта вам лепш з ёй паразмаўляць…

Каханне на ўсё жыццё

— Са сваёй другой жонкай Еўфрасінняй вы пражылі большую частку жыцця…

— Так, больш за паўстагоддзя былі разам. А потым яе не стала.

— Хварэла?

— У 40 гадоў нешта з ёй сур’ёзнае здарылася… Думаю, гэта быў першы інсульт. Яна адляжалася з тыдзень, а потым устала з ложка. Але з таго часу, з 1971 года, я не бачыў яе па-сапраўднаму здаровым чалавекам.

Праўда, яна і працавала. І мы шмат падарожнічалі. Мы пазнаёміліся ў Башкірыі, там жыла яе радня. Я ёй казаў: табе трэба рызыкаваць сваім здароўем! І вазіў яе і ў Ашгабат, і ў Алмаату, і ў Ташкент, і ў Душанбэ, і ў Фрунзэ! Справа ў тым, што ў той час я цалкам расчараваўся ў сваёй праблематыцы як навуковец (займаўся даследаваннем рабочага класа, рухам за камуністычную працу, чыгуначным транспартам) і таму пераключыўся на нацыянальные пытанне. І вырашыў не толькі кнігі чытаць, але перш за ўсё пабываць ва ўсіх нацыянальных рэспубліках, каб паглядзець, як яны развіваюцца. Усе саюзныя рэспублікі трымалі сваю нацыянальную ідэю на вышыні, і толькі Беларусь уласным нацыянальным жыццём распараджаліся так, як хацела Масква. Чужыя рэспублікі зрабілі мяне такім здаровым нацыяналістам і інтэрнацыяналістам. І я заўсёды ў такія паездкі браў жонку. Яна вельмі добра пераносіла змену клімату, нават сама радавалася!

Спачатку паехалі ў Туркменістан, бо мне вельмі хацелася пабачыць у Ашгабаце міліцэйскую школу, якую скончыў. Мы кожны год вандравалі па Савецкім Саюзе. Не былі толькі ў Эстоніі і Арменіі.

— А дзеці ў вас ёсць ад гэтага шлюбу?

— Няма. Можа, нават і з-за мяне… Я працаваў у Башкірыі і недзе ў 1957 годзе зразумеў, што павінен вярнуцца Беларусь. Напісаў лісты ў сваю школу, і райана і аблана. Мне адусюль заяўлялі, што працы няма. Але ў 1958 годзе мы прыехалі ў Беларусь. У Мінску тады было вельмі цяжка прапісацца. І мы вырашылі ў Башкірыі не заключаць шлюб, бо, калі ты адзін, лягчэй прапісацца. У той сітуацыі пажадана было не мець і дзяцей. І калі жонка даведалася, што зацяжарала, без майго ведама пайшла да нейкай шаптухі, тая зрабіла няякасны аборт. Пасля гэтай няўдачы трапіла ў клініку, ёй сказалі: вам так нашкодзілі, што наўрад ці ў вас будуць дзеці…

Тут і мая віна, і яе…

Але калі паважаеш адзін аднаго, дык ёсць дзеці альбо няма — гэта на сямейнае шчасце ніяк не ўплывае. Я побач з жонкай быў надзвычай шчаслівым чалавекам.

Яна мне, між іншым, не раз казала: «Лёня, я пайду лячыцца». Яна ў Мінску працавала загадчыцай дзіцячага садка. Яе вельмі паважалі, асабліва мясцовыя выхавацелькі. Ведаючы пра яе праблему, нават рэкамендавалі мясцовых шаптух, але яна не пайшла. А прафесійныя дактары ёй нічым дапамагчы не маглі…

Нам казалі: вазьміце каго-небудзь на выхаванне. Але мы на гэта не пайшлі. Не ведаю, можа, гэта і памылка… Баяліся: а ці будуць у мяне бацькоўскія, а ў яе мацярынскія пачуцці да гэтага дзіцяці? Калі сумняваешся ў гэтым, дзіця шчаслівым не будзе. А паколькі мы з жонкай займаліся навукай, у нас ніколі не ўзнікала пытанне пра дзяцей…

— Ведаю, што жонка сур’ёзна паўплывала на вашу грамадзянскую пазіцыю. Гэта ж яна зрабіла вас нацыяналістам?

— Яна дзіўны чалавек… Не ведаю, адкуль у яе бралася шчырая любоў да ўсяго беларускага. Калі працавала ў садку, прасіла, каб з ёй размаўлялі па-беларуску. Гаварыла, што ад мамы, карэннай сібірачкі, чула многа слоў, падобных на беларускія. Магчыма, таму яе так цягнула да беларускага. І калі я пайшоў у аспірантуру, яна таксама без майго ведама паступіла ў завочную аспірантуру, датэрмінова здала кандыдацкі мінімум. Напісала цудоўную дысертацыю пра развіццё дашкольнага выхавання ў Беларусі ў першую пасляваенную пацігодку, абаранілася. У 1970-я гады яна стала ўключаць у праграму па развіцці мовы і беларускія тэксты. Спачатку бацькі абураліся, але яна іх пераконвала. Еўфрасіння напісала артыкул у «Дашкольнае выхаванне СССР» пра тое, як у дзіцячых садках адбываецца двухмоўе. Яе засыпалі лістамі з усяго Саюза, нават з Чукоткі пісалі, дзе паміралі нацыянальныя мовы! Пазней мы разам сталі думаць пра доктарскія. Жонка абаранілася першай…

— А калі яна захварэла?

— Пачынаючы з 1992-га прыкладна 4—5 месяцаў на год знаходзілася на бюлетэні. І так працавала недзе да 2002 года. А потым здарыўся інсульт. Па хаце магла хадзіць толькі з кіёчкам пры маёй падтрымцы. А затым гадоў пяць ляжала выключна ў ложку.

— Вы яе даглядалі?

— Я яе вельмі паважаў, кахаў, любіў — больш за ўсё на свеце! І вырашыў, што ўсё зраблю сам, каб ёй было добра. Хаця не ўмеў ні памперсы мяняць, нічога! Але навучыўся…

І калі лекар прыходзіў, то не раз казаў: «Божа, няўжо вы ўсё гэта самі робіце? І да вас жа прыйдзеш — нідзе нічым не пахне, бездакорная чысціня!»

Ніякая санітарка так не дагледзіць, як я сам. І па жонцы адчуваў, як для яе ўсё гэта важна. І, ведаеце, можа, дзякуючы гэтаму яна яшчэ столькі пражыла. Я яе і ў ванную адвяду, і памыю. Толькі калі яна ўжо не магла з маёй падтрымкай да ванны дайсці, і трэба было яе ў ложку памыць, я ўжо запрашаў спецыялістаў — за грошы.

Да яе рэгулярна прыходзіла лагапед. Гэта было самае цяжкае для жонкі, што мову адняло. Моцна перажываў і я. Мы з ёй пяць гадоў не размаўлялі. Я гавару, а яна маўчыць… Але да канца жыцця яна была пры сваім розуме.

Яе цела крэміравалі — гэта была яе воля. Разы тры-чатыры на год абавязкова прыязджаю да яе.

— Ведаю, што ў памяць пра жонку вы выдалі кніжку…

— Так, «Рускі прафесар на ніве баларускага нацыянальнага культурнага адраджэння». Гэта, відаць, самы лепшы помнік па дарагім для мяне чалавеку.

Пачуцці па-татарску

— Леанід Міхайлавіч, але ж вы тройчы былі жанаты. Чаму ваш першы шлюб выдаўся кароткім?

— Мы ажаніліся ўлетку 1952 года. Гэты было ў Сібіры ў Іркуцкай вобласці. Я тады працаваў у лагеры палітзняволеных аператыўным упаўнаважаным, а яна там была лекарам (скончыла Уфімскі медыцынскі інстытут).

Я быў вельмі хілы здароўем, у мяне не было апетыту — літаральна прымушаў сябе есці. І таму радаваўся, што жанюся з урачом. І Серафіме быў гонар — замуж за афіцэра! А я быў прыгожы, элегантны, інтэлектуальны. Многіх здзівіла, што калі я прыехаў, то прывёз з сабой не гару багацця, а радыёпрыёмнік на шасці батарэях. Прычым кожная важыла прыкладна па два кілаграмы! Мне два чалавекі дапамагалі яго цягнуць. Мяне лічылі адным з самых адукаваных афіцэраў. І многія дзяўчыны паглядалі на мяне…

Жонка па нацыянальнасці была татаркай, на два гады старэйшая за мяне. Я лічыў, што дзейнічаю ў духу сталінскай тэорыі зліцця нацый.

Але, шчыра кажучы, моцнага кахання ў мяне не было. Больш за ўсё быў страх за свой лёс. У мяне абавязкова павінна была быць жонка, з ёй я буду адчуваць сябе больш упэўненым.

Калі разабрацца, страх за жыццё моцна сапсаваў мне будучыню…

Я ніколі не думаў, што ў той дзяўчыны, якую я кахаў у Мінску, былі да мяне такія глыбінныя пачуцці. Яна скончыла музычную школу, паступіла ў кансерваторыю, мы сталі сустракацца, калі я быў курсантам школы МУС. Я не думаў, што яна мяне кахае. Разважаў так: яна стане вядомым музыкантам, а я буду звычайным лейтэнантам. Я не быў кар’ерыстам. Калі апынуўся ў лагеры для палітзняволеных, мы працягвалі перапісвацца. Але я цвёрда вырашыў: ні за што не сарву яе з Мінска і не сапсую ёй кар’еру, каб яна гібела ў Сібіры. І без яе ведама ажаніўся з татаркай Серафімай. Але потым напісаў: «Дарагая Тамара, прашу спыніць перапіску, я стаў жанатым чалавекам, ведаў, што Сібір — месца не для цябе».

Я атрымаў ад яе адказ і не мог стрымаць слёз, калі чытаў! Яна столькі цёплых слоў мне нагаварыла! Пісала, што ў будане начавала б, абы толькі быць са мною разам. Я паказаў жонцы гэты ліст, а яна сказала: «Лёня, ужо позна — я зацяжарала…»

Калі б яна гэтага не сказала, я, напэўна, перадумаў бы! Бо нават не ведаў, што мяне так кахае студэнтка кансерваторыі. Але было дзіця…

І я не ведаю, як тую цяжкую часіну перажыў… Я яшчэ пару пісем Тамары напісаў, і мы назаўжды разышліся.

Можа, вы ў гэта не паверыце, але раней кахалі зусім інакш, чым цяпер. Я не зайздрошчу цяперашнім маладым людзям. Мы не цалаваліся, я не дазваляў сабе вышэй локця дакрануцца да яе рукі. Мне хапала таго, што яе кісць трымаю. Гэтага было дастаткова для самых моцных узаемных пачуццяў! Мы часта заставаліся дома ўдвух, адзін на адзін, і ніколі бацькі не падумалі, што паміж намі магло адбыцца такое, што дазволена рабіць толькі пасля заключэння шлюбу. Такая была чысціня адносін!

— Дык чаму распаўся ваш шлюб з татаркай?

— Яна мяне страшэнна кахала. У яе была хворая маці, якая жыла ва Уфе і прасіла, каб дачка з Сібіры вярнулася на радзіму. Пасля смерці Сталіна сталі скарачаць лагерныя кантынгенты, а разам з імі і службоўцаў.

Пасля таго як уступіў у шлюб, я не стаў здаравейшым. У мяне не хапала 10 кілаграмаў вагі да нармальнай. І мяне нават камісоўвалі як дыстрофіка. Мы прыехалі ва Уфу. Я там тры месяцы шукаў працу. Урэшце цешча ўладкавала мяне на працу эканамістам ў Башлесхімпрамсаюз, кіраўнік якога, дарэчы, быў з Беларусі. Потым я паступіў у педінстытут на гістарычны факультэт. Гэта былі хрушчоўскія часы, якія паклалі пачатак нацыяналізму. Мая жонка была вельмі паважаная сярод татар — як лекар. І ўсе вельмі здзіўляліся, што ў яе муж — не татарын, што яна сапсавала нацыянальную кроў. А дзіця ў нас нарадзілася чыста татарскае. Я даў яму імя Леанід — ім гэта не спадабалася. І вось на хвалі нацыяналізму сваякі пачалі раіць жонцы, што наш шлюб трэба скасаваць, а ёй выйсці замуж за свайго, за татарына. Аднойчы жонка паставіла мяне перад фактам, што мы павінны разысціся, бо ёй не даюць праходу, адмаўляе ў радстве ўся радня, якая не хацела бачыць мяне ў сваім асяроддзі. Толькі адна яе цётка казала: «Сіма, такога мужа ты больш ніколі не знойдзеш, кідай усю радню, але не разводзьцеся».

Але мы разышліся.

— А сын?

— Ён нарадзіўся у студзені 1953 года. Калі мы разышліся, яму было 2—3 гады.

Жонка баялася, што я сап’юся, але я не такі. Я мабілізаваўся! І замест таго, каб вучыцца пяць гадоў у інстытуце, скончыў за два з паловай. А жонка хутка выйшла замуж за татарына, і сваякі, каб сын са мной амаль не сустракаўся, перавялі яе ў чыста татарскі раён на тэрыторыі Башкірыі, дзе ўсё справаводства вялося на татарскай мове. Муж яе быў разведзены, працаваў настаўнікам гісторыі. Неўзабаве высветлілася, што ён алкаголік. Стаў адкрыта выпіваць і паказваць, хто ў сям’і галоўны. Заробак ён цалкам прапіваў, а потым і рэчы з сям’і пачаў выносіць. Яна з ім развялася. Мая былая цешча неяк выбіла дачцэ кватэру і прасіла мяне, каб я да яе вярнуўся. А я тады ўжо пазнаёміўся з Еўфрасінняй…

Да таго ж яны памянялі імя сына — замест Лёні ён стаў Шамілём…

— Вы падтрымліваеце з ім адносіны?

— Калі сказаў, што не буду вяртацца, сына сталі выхоўваць супраць мяне. А я, наадварот, цягнуўся да яго. І калі ў 1958 годзе мы пераехалі ў Беларусь, праз год я паехаў у Башкірыю, каб пабачыцца з ім. Прыехаў, а ён кідаецца на мяне біцца! І ў такой варожасці да мяне ён гадаваўся недзе да 8-га класа. Калі я прыязджаў, ён толькі пра грошы пытаўся.

А потым, верагодна, цётка Сімы сказала яму: маўляў, твой бацька — вельмі добры і справядлівы чалавек. І ён стаў шукаць са мной сувязі. Сын скончыў нафтавы інстытут, стаў займацца бізнесам. І зазіраць у чарку. Ён быў незадаволены самім сабой. Некалькі разоў ён прыязджаў у Мінск і быў вельмі рады, што я не адзін. Тры разы ён быў жанаты. Маці купіў кватэру, але ў яе была вельмі цяжкая старасць, шмат гадоў хварэла. Калі ў 1991 годзе мы з жонкай даведаліся ад майго сына, што яна прыкавана да ложка, паехалі да яе, прынеслі поліўку. Як яна была рада!

Праз тры гады пасля нашага візіту яны памерла, не дажыўшы да 70 гадоў.

А сын ізноў ажаніўся, на гэты раз з украінкай. У іх нарадзіўся сын, яго назвалі Уладзіславам. Вось такая мешаніна крыві!

Потым у ягоным асабістым жыцці зноў нешта пайшло не так, ён меў жаданне пераехаць да мяне. Але я ведаў, што ён п’е. І ў мяне была хворая жонка. Не ведаю, правільна я зрабіў альбо не… Адчуваў, што не пацягнуў бы і жонку, і сына. Мае добрую адукацыю — няхай выкручваецца. Грошы для яго не былі праблемай. Але ён знік з вачэй і сына, і ўсёй сваёй радні. І па сённяшні дзень ніхто не ведае, што з ім і дзе ён…

— А ўнука вы бачылі?

— Калі яму споўнілася 28 гадоў, ён выйшаў са мной на сувязь. Сказаў, што ён мой унук, Уладзіслаў Лыч. Яшчэ жонка мая была жывая, я ёй расказаў пра гэта. Яна вельмі абрадавалася, што я не буду адзін. Ён да мяне ўпершыню прыехаў у 2011 годзе. Разам з жонкай на машыне з Уфы. Вельмі ўнук абрадаваўся, што пабачыў мяне. Радаваўся і я. Мы паехалі на маю радзіму, у Магільнае Уздзенскага раёна, яму вельмі спадабаліся наша вёска, родныя.

Год таму ўнук развёўся. Нядобрая традыцыя працягваецца.. Мой бацька таксама быў двойчы жанаты, і браты таксама…

Сакрэты жыцця

— Ведаю, што вы хацелі быць пахаваны побач са сваёй другой жонкай …

— Незадоўга да яе хваробы мы дамовіліся, што я буду пахаваны ў сябе на радзіме, там, дзе нарадзіўся, а урну з яе попелам перавязуць да мяне.

Я ёй увесь час казаў, што пасля яе смерці буду жыць адзін. Яна, ужо прыкаваная да ложка, махала рукой — маўляў, ні ў якім разе. Бо разумела, як цяжка аднаму.

Ну і хто яго ведае, ці змог бы я адзін яшчэ столькі гадоў пражыць. Дзякуй Богу, я на нагах. Пры добрым настроі і Камсамольскае возера магу абысці, і ў Нацыянальную бібліятэку з’ездзіць, і ў Нацыянальны архіў.

Я яшчэ на чвэрць стаўкі працую ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Мне, дарэчы, адзін чалавек сказаў, што калі б я не працаваў, дык пенсія была б большай.

— А якая ў вас пенсія?

— Я нават і не ведаю. Атрымлівае яе жонка, я ёй картку аддаў. І нават не лічу. Грошай нам хапае.

Я зусім не патрабавальны. Прыхільнік вельмі простай ежы. Люблю ўсё тое, на чым узгадаваны.

Між іншым, калі мне ў 1969 годзе падчас аперацыі выдалілі 2/3 страўніка, адзін лекар параіў: аддавайце перавагу таму, на чым гадаваліся. І для мяне сала, агурок, капуста, бульба куды лепшыя за любыя далікатэсы. Салодкае таксама люблю, і цукерачак з’есці, і варэнне страшэнна люблю! За дзень я тры разы чай п’ю і адзін раз каву — вечарам, незадоўга перад сном. Не ведаю, чаму людзі кажуць, што яна бадзёрасці надае! Я апошнія глыткі раблю, і мне спаць хочацца. Хаця каву п’ю не моцную.

— А якія яшчэ сакрэты жыцця ў вас ёсць?

— Цукрам не карыстаюся. А вось варэння вядры два за год з’ядаю. Мусіць, яшчэ і вядро мёду. Ну вось вы самі падумайце: 365 дзён у годзе, па сталовай лыжачцы — здаецца, і нямнога, але памножце гэтыя лыжкі на дні — вядро!

Бульбу ем кожны дзень. З капустай, агуркамі, кіслымі памідорамі.

Без сала таксама не жыву. Гэта для мяне самы смачны прадукт! Памятаю сваю бабку, якая 90 гадоў пражыла. Маці казала: божа, хай бы нехта з маіх дзяцей дажыў да такіх гадоў! Ну вось я і дажыў.

Але злоўжываць нічым нельга.

Не люблю тартоў — толькі хіба калі бісквіт…

— Гатуеце самі ці жонка?

— Я ўвесь час любіў гатаваць першыя стравы, іншым разам і цяпер гатую.

Кажуць, што нельга есці на ноч. Але я рэгулярна парушаю гэта правіла. Перад сном з’ядаю палавіну банана і адзін ківі. Альбо пару мандарынак ці жменьку вінаграду. Я ніколі не кладуся спаць, не перакусіўшы. Але не сала, не яйка, а нешта субтрапічнае. Ад гэтага сон толькі лепшым становіцца.

Увесь час кладуся спаць у адну і тую ж гадзіну — а палове адзінаццатай. Падымаюся а палове сёмай. Прычым нягледзячы на тое, дзе б я ні быў — дома ці на курорце.

— А зарадку робіце?

— Абавязкова! Набор практыкаванняў у мяне такі, які я рабіў у 1951 годзе, калі вучыўся ў Ашгабаце ў школе МУС. Мне адзін інструктар перадаў комплекс фізічнай зарадкі. І сказаў: будзеце прытрымлівацца яго — будзеце доўга жыць. І я выконваю яго ўсё жыццё. І нават калі недасплю: зрабіў зарадку — і ты ў парадку!

Многія людзі дакараюць сябе, што не могуць заснуць. Я таксама даволі часта магу доўга не спаць. Але ніколі не перажываю з-за гэтага! Я тады прымушаю свой мозг працаваць, розныя планы будую. І ў мяне могуць быць ночы, калі я толькі 4 гадзіны сплю, але падымаюся — і ўсё нармальна. Таму не трэба баяцца бяссонніцы.

— Вы мне неяк казалі, што ў вас ніколі не бывае дрэннага настрою. Але ж у жыцці рознае здараецца. Як захаваць бляск у вачах, як не стаміцца жыць?

— На гэтае пытанне не так проста адказаць…

Трэба рабіць тое, што садзейнічае тваёй актыўнасці.

Не думаць, што з-за праблемы ты становішся слабейшым. І не перажываць. Бо ўсё часова.

— Вы смерці баіцеся?

— Я нават у маладосці яе не баяўся. А ўжо калі мне мінула 70 гадоў, я да ўсяго стаў вельмі спакойны. Адзінае, што мяне хвалявала і хвалюе, — каб не памерці недзе без людзей. А памерці дома ці на вуліцы, альбо на працы — я ніколі не баяўся. І лічу так: той, хто баіцца смерці, доўга не пражыве. Смерць сама прыходзіць, калі мы яе не чакаем.

— Вы верыце, што людзі ўваскрасаюць?

— Я веру толькі ў зямное жыццё. Можа, гэта і дапамагае жыць. Ні ў той свет, ні ў рай, ні ў пекла не веру. Пазазямнога жыцця для мяне не існуе.

— Пра што вы марыце?

— Пакуль жыву і працуе мая галава — рабіць усё на карысць нашай радзімы. Мяне не цікавіць, дзе і які ганарар магу зарабіць, якую льготу атрымаць. Я ўвесь час думаю, што зрабіць, каб у Беларусі квітнела наша культура, каб з вуснаў людзей гучала беларуская мова. І я бачу, што тут у мяне працы непачаты край! І калі пражыву яшчэ 10 гадоў (а гэта рэальна!), нямала карыснага зраблю для нашай радзімы.

А калі б я жыў толькі дзеля кухні і дзеля кішэні, ніколі не дацягнуў бы да 90 гадоў.

— На ваш погляд, што галоўнае ў жыцці? Каб на душы было хораша, унутры спакойна?

— Вельмі многае залежыць ад разумнай любові і павагі да самога сябе. Ні ў якім выпадку нельга забывацца пра сябе. І пры гэтым імкнуцца не прыніжаць інтарэсы іншых. У такім гарманічным спалучэнні, мне здаецца, вялікая сіла. Гэта надае стымул для працы, жаданне доўга жыць. Любіць толькі чужое і не заўважаць свайго асабістага — гэта непаўнавартаснае жыццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?