Рэжысёр і аператар дакументальнага кіно Мікалай Купрыч кажа, што ў ноч на 25 жніўня на Кастрычніцкай яго збіў невядомы, бо Мікалай быў у ЛГБТ-кампаніі. Мікалай атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, у яго зламаны нос і буйныя гематомы. Ён у шпіталі, піша Радыё Свабода.

Кампанія, у якой быў Мікалай, бавіла час недалёка ад АЗС на барнай вуліцы Кастрычніцкай. Невядомы падышоў сам.

«Ён падыходзіць і пытае: «Ты таксама п…р?» — успамінае Мікалай. — Я кажу: «Якая табе розьніца, п…р я ці не?» — «Не, ты скажы канкрэтна: п…р ты ці не?» Я кажу: «Я ж не падыходжу да цябе і не пытаю, натурал ты ці не? Гамафоб ты, не гамафоб? Мяне гэта не цікавіць». Пасьля ён яшчэ раз перапытвае: «Скажы канкрэтна!» Я кажу: «Ну добра, няхай я буду п….м, ОК, і што далей?»»

Па словах Мікалая, відавочнай агрэсіі хлопец не праяўляў, усміхаўся. Мікалай кажа, што ён гетэрасэксуал, але падтрымлівае ЛГБТ-супольнасць, таму адказаў менавіта так.

«Ён не наяжджаў, сказаў: «Добра, я зразумеў», — працягвае Мікалай. — Я разварочваюся і адыходжу, секундаў пяць праходзіць, і ён мне са спіны, відаць, з добрага такога размаху, бʼе акурат у скронь. Я адключаюся і падаю тварам на асфальт».

Ад удару Мікалай атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, у яго паламаны нос і буйныя гематомы. Перад гэтым невядомы хлопец ужо ўдарыў двух сяброў Мікалая.

Адзін зь іх, Арцём Скапцоў, пацвярджае словы Мікалая і кажа, што атрымаў удар у шыю. Невядомы таксама разбіў скулу другому маладому чалавеку. Пасля гэтага хлопцы на нейкі час адышлі за паркоўку. Калі вярнуліся, пабачылі яшчэ больш збітага сябра.

«Я падбег і ўбачыў Колю, ён быў на карачках, увесь у крыві, — кажа Арцём. — Гэтага чалавека ўжо не было відаць нідзе. Колю прывялі крыху ў парадак, спачатку думалі, што ён нармальна, але па выніку ён выклікаў і міліцыю, і хуткую».

Арцём кажа, што падчас размовы зь невядомым думаў, што гэта шараговая сітуацыя слоўнага канфлікту. Раней яго ніколі не збівалі.

Мікалай Купрыч напісаў заяву ў міліцыю. У нядзелю, 25 жніўня, яго апытваў міліцыянт.

Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэта Кацярына Гарлінская сказала Свабодзе, што цяпер следчыя праводзяць праверку і высвятляюць акалічнасці здарэньня. Прызначылі судова-медыцынскую экспэртызу для вызначэння цяжкасці цялесных пашкоджанняў.

«Ленінскі РАСК праводзіць праверку па заяве 30-гадовага мужчыны аб прыцягненні да адказнасьці невядомага, які ў ноч з 24 на 25 жніўня адзін раз ударыў яго ў твар на аўтазапраўцы ў Мінску», — сказала Гарлінская.

У маі 2014 года на выхадзе з гей-вечарыны быў жорстка зьбіты Міхаіл Пішчэўскі. Ён перанёс аперацыю выдалення часткі мозгу і памёр у шпіталі больш як праз год пасля працяглай комы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру