Па беларускіх суполках «УКантакце» распаўсюджваецца відэа п'яных разборак з маларыцкімі інспектарамі ДАІ. 

Усё адбылося 17 жніўня ў цэнтры горада — кампанію не вельмі цвярозых маладзёнаў тармазнула ДАІ.

У кіроўцы не было тэхагляду, што цягнула на афармленне пратаколу. Але так выйшла, што кампанія вельмі спяшалася і вырашыла не падпісваць пратакол, а паехаць далей. Міліцыя з такім раскладам не пагадзілася.

Выйшаў канфлікт — адзін з маладзёнаў, Міхаіл Бажанкоў, вельмі эмацыйна патрабаваў ад даішнікаў вызваліць сустрэчную паласу, на якой і стаяла машына праваахоўнікаў. Паралельна з патрабаваннямі, Міхаіл скаціўся да самых вульгарных абразаў: «Э, да***ёб!».

Глядзіце дэталі на відэа: 

Варта сказаць, што міліцыянеры не вяліся на правакацыі.

Праз нейкі час Міхаіла аштрафавалі — за дробнае хуліганства і абразу супрацоўнікаў пры выкананні з яго спагналі 561 рубель.

Здавалася, што на гэтым гісторыя і скончыцца. 

Але раптам гэтае відэа выплыла ў інтэрнэце у спецыялізаваных суполках! Ды яшчэ і без цэнзуры, з усімі мацюкамі.

У момант, калі «Наша Ніва» распытвала галоўнага героя пра матывы ягоных паводзін, выявілася, што ён можа адказаць за свае паводзіны яшчэ раз, цяпер па крымінальным артыкуле. Бо пасля з'яўлення відэа ў інтэрнэце абраза прадстаўніка ўлады стала публічнай.

Міхаіл Бажанкоў

Міхаіл Бажанкоў

«Ну мне тады не спадабалася, што яны нас затрымлівалі, нібы нейкіх крымінальнікаў — перагарадзіўшы дарогу. А мы ехалі, нікога не чапалі. Яны не маглі так рабіць! Я сам служыў у міліцыі! — расказаў «Нашай Ніве» Міхаіл, які праходзіў службу ва ўнутраных войсках. — Мы пачалі нармальна гаварыць, але потым яны ледзь не «закрый рот» сказалі, я тады дастаў тэлефон і пачаў здымаць. Яны сталі больш ветлівымі, на камеру нічога не казалі». 

Але вось Міхаіл, як выйшла, не стрымаўся. Чаму абражаў і лаяўся? 

«Я моцна п'яны быў, іначай так бы не зрабіў. У вельмі моцным ап'яненні… Мы проста спяшаліся… Не былі згодны стаяць. Я згодны, што перагнуў. У судзе прызнаў усё, атрымаў штрафу — 22 базавых. 20 базавых за абразу, яшчэ 2 базавыя за тое, што я стаў працягла сігналіць, каб яны ад'ехалі…

Я ж аднаго інспектара ведаў, горад малы… Калі яго ўбачыў, кажу: Юра, даруй, не хацеў, быў выпіўшы. Ён прамаўчаў і пайшоў. Але відэа цяпер у інтэрнэце, і мне тры дні таму званіў участковы, сказаў, што будзе расследаванне па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу [Абраза прадстаўніка ўлады, максімальнае пакаранне — абмежаваннем волі на 3 гады — «НН»]. Не ведаю, што рабіць цяпер», — сказаў хлопец.

Але як відэа аказалася ў інтэрнэце? 

«Са мной быў кіроўца, яму 20 год, малы. Вось ён скінуў свайму сябру пасмяяцца, а той вырашыў скінуць у інтэрнэт, каб пасмяяліся ўсе астатнія. З майго тэлефона нічога не скідалася ў інтэрнэт, я так участковаму і сказаў, бо нават і знята не на мой — здымалася на тэлефон сябра. Але цяпер ужо нічога не выдаліць», — сказаў ён.

Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава так пракаментавала сітуацыю: 

«17 жніўня каля 21:45 паступіла паведамленне аб тым, што на вуліцы Савецкай у Маларыце п'яная кампанія на аўтамабілі «Джып Чэрокі» парушае грамадскі парадак — гучна крычыць, сігналіць, тым самым перашкаджае грамадзянам адпачываць.

Праз 20 хвілін нарад ДПС спыніў дадзены аўтамабіль якім кіраваў 20-гадовы мясцовы жыхар. 26-гадовы пасажыр ажыццяўляў відэаздымку дзеянняў інспектараў на смартфон, пры гэтым на ўвесь голас выказваў у дачыненні да іх рознага роду абразы, у тым ліку — з выкарыстаннем лаянкі.

Пасля гэтага хуліган, знаходзячыся ў салоне аўтамабіля, на працягу некалькіх дзясяткаў секунд бесперапынна падаваў гукавы сігнал, парушаючы спакой грамадзян. Відэаздымку яго дзеянняў рабіў другі пасажыр, які знаходзіўся на заднім сядзенні аўтамабіля.

У дачыненні да правапарушальніка за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП) і абраза службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў (артыкул 23.5 КаАП) складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Судом Маларыцкага раёна яму прызначана спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 22 базавых велічынь».

Апроч таго, па яе словах, кіроўца аштрафаваны на 1 базавую велічыню за тое, што не прайшоў тэхагляд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?