Гарадская бібліятэка ў Наваградку пакуль яшчэ знаходзіцца па адрасе вуліца Міцкевіча, 20. Першы паверх у ёй займаюць дзіцячая музычная і мастацкая школы, на другім і трэцім паверхах — дарослая і дзіцячая бібліятэкі.

У гістарычным цэнтры Наваградка, па адрасе вуліца Міцкевіча, 20, у будынку які быў пабудаваны ў міжваенны час, болей за 30 гадоў працуе Гарадская дзіцячая і дарослая бібліятэкі. У гэтым будынку таксама размяшчаецца дзіцячая мастацкая школа і музычныя класы. Але наваградскія ўлады нечакана вырашылі адабраць будынак у дзяцей і перадаць яго БТІ, а ўсе чатыры ўстановы распіхаць па закутках па ўсім горадзе.

Аргумент ва ўлады такі — будынку патрэбны капітальны рамонт і толькі БТІ можа зрабіць яго. Праблема ж заключаецца ў тым, што капітальны рамонт будынка ўжо быў праведзены ў 2012 годзе. Як толькі стала вядома пра планы высялення, старшыня «Таварыства беларускай мовы» ў Наваградку Дзмітрый Солтан адправіўся ў мясцовы выканкам, каб высветліць усе абставіны гэтай сітуацыі. Пасля публікацый пра гэта ў сродках масавай інфармацыі на акаўнт старшыні ТБМ у фэйсбуку адбылася атака. Бо, як мяркуе Дзмітрый Солтан, першая інфармацыя пра высяленне з’явілася менавіта там. Але разам з тым, спыніўся ціск і на бібліятэку. Адна за адной туды паехалі праверкі.

Прайшло два месяцы, здавалася, бібліятэка і іншыя дзіцячыя ўстановы абаронены, але літаральна на мінулым тыдні ўсім чатыром установам было загадана выканкамам пакінуць будынак і пераехаць, куды загадаюць, да 2 верасня. Супрацоўнікам, пад пагрозай звальнення, выканкам загадаў падпісаць згоду на пераезд. Усё робіцца надзвычай хутка.

Бацькі дзяцей, якія ходзяць у мастацкую і музычную школу, а таксама чытачы бібліятэкі абураныя. Слухаць іх ніхто не хоча, бо выканкам плануе да 2 верасня вызваліць будынак ад дзяцей для БТІ.

Жыхары горада стварылі петыцыю, каб паспрабаваць захаваць гэты будынак для школ і бібліятэк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?