Чалавек, якога падазраюць у забойстве 23 жніўня ў Берліне грамадзяніна Грузіі Зелімхана Хангашвілі, звязаны з расійскімі спецслужбамі. Такую выснову можна пабачыць у сумесным расследаванні выдання The Insider, міжнароднай групы журналістаў Bеllingcat і нямецкага выдання Der Spiegel.

Даследчыкам удалося высветліць, што падазраваны ў забойстве прыехаў у Нямеччыну праз Францыю з замежным пашпартам на імя Вадзіма Андрэевіча Сакалова і датай нараджэння 20 жніўня 1970 года. У рэальнасці такога чалавека не існуе ні ў адной базе, уключаючы базу расійскіх пашпартоў, сцвярджаецца ў расследаванні. Акрамя таго, быў выдуманым адрас у Санкт-Пецярбургу, які быў пазначаны пры падачы дакументаў на візу.

На думку даследчыкаў, той факт, што падазраваны змог атрымаць замежны пашпарт на выдуманае імя, «паказвае на прамую сувязь яго з дзяржавай». «Нават калі б яму нейкім чынам удалося падрабіць пашпарт самастойна, ён не змог бы прайсці па ім расійскі пагранічны кантроль, бо сістэма аўтаматычна суадносіць даныя адсканаванага пашпарта з сістэмай Распашпарт, дзе Сакалова няма. Такім чынам, альбо ён праходзіў мяжу ў адмысловым парадку (у суправаджэнні супрацоўнікаў ФСБ), альбо тады ён быў у сістэме Распашпарт і пазней быў адтуль выдалены (і тое і другое немагчыма без афіцыйнага ўцягвання расійскіх спецслужб)», — робяць выснову журналісты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0